Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выходзіць адно з другога, усё накіроўваецца да аднэй мэты, усё мае адно заданьне, вось чаму мне так добра сярод ваенных, і я заўсёды буду трымаць пачэсна званьне салдата. Я гляджу на ўсё чалавечае жыцьцё, толькі як на службу, бо кожны служыць» (Стеблев. Очерки по истории ХІХ в.).

Адносіны ураду Мікалая І да польскага пытаньня былі вынікам агульнай політыкі мікалаеўскай эпохі. Мы ўжо казалі, што урад павінен будзе здабываць для рускага капіталу новыя землі. Само сабою зразумела, што Польшча павінна будзе згубіць нават уяўную сваю незалежнасьць. Ня можа быць і размовы аб далучэньні да яе Беларусі. Наадварот, яна сама павінна будзе ўвайсьці ў склад звычайных губэрэнь Расіі. Урад Мікалая І не згаджаўся з лібэралізмам польскай політыкі часоў Аляксандра І. Ён лічыў такую політыку шкадлівай для інтарэсаў імпэрыі і нязгоднай з прынцыпамі самаўладзтва рускага цара.

Асабісты настрой Мікалая І зусім адпавядаў такой політыцы. Яшчэ з дзяцінства ён мае погляд на палякоў, як на «бунтаўшчыкоў», і як такіх—ненавідзіць. Такі погляд на палякоў ён атрымаў ад сваёй нянькі Лаон, каторая была выпісана для яго выхаваньня з Англіі. У часы польскага паўстаньня 1794 году Лаон якраз ехала праз Польшчу ў Расію па вызаве рускай царскай фаміліі. Па дарозе яна папала ў Варшаву ў самы разгар паўстаньня. Разам з рускімі яна была заарыштована і пасаджана ў турму. У вельмі цяжкіх абставінах яна прасядзела там цэлых 7 месяцаў. Само сабою зразумела, што арыштаваныя ў турме павінны былі перажыць усе жахі польскага паўстаньня, часта рызыкуючы быць забітымі. Сувораў, пасьля штурму Прагі, узяў Варшаву і вызваліў з турмаў усіх рускіх, а разам з імі і Лаон. Толькі пасьля гэтага Лаон прыехала ў Пецярбург і зрабілася нянькай малога Мікалая. Вельмі часта потым яна апавядала яму ўсе тыя жахі рэволюцыі, каторыя яна перажыла ў польскай турме. Мазгі дзіцяці з жывасьцю ўспрымалі гэтыя бабскія ды яшчэ і прыфарбованыя апавяданьні, яны моцна адбіліся ў яго памяці на ўсё жыцьцё.

Падзеі 1812 году замацавалі ў Мікалая І адмоўны погляд на палякоў. Палякі былі для яго ня толькі ненавіснымі рэволюцыянэрэмі, але й зацятымі ворагамі Расіі, бо яны ў ліку «двадесяти языков» былі ў Маскве і палілі яе, як тады гаварылі кансэрватыўныя кругі камандных вярхоў. Такі адмоўны погляд на Палякоў, ня толькі тых, што жылі ў Польшчы, а і тых, што жылі на Беларусі, Мікалай І захаваў на ўсё жыцьцё. У яго журнале, у каторы ён запісваў свае штодзённыя мысьлі, здарэньні і пляны, мы чытаем аб польскім шляхецтве такія словы: «На Беларусі шляхецтва, што складаецца амаль што ўсё з вельмі багатых палякоў, зусім ня выказала вернасьці да Расіі і, апроч нека