Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не з прыгону сялянства, а з політычнага баку—такая констытуцыя, каторая-б абмежавала абсолютную ўладу імпэратара сабраньнем народных прадстаўнікоў.

Час улады прамысловага капіталу яшчэ ня прышоў. Праўда, ён быў цяпер куды мацнейшы, чым раней; тым ня менш, ён быў яшчэ слабейшым ад гандлёвага капіталу. Дзекабрыстыя праваліліся. Царскі пасад «цаною крыві сваіх падданых», паводле яго ўласнага выразу, займае Мікалай І. Пачынаецца тыповая мікалаеўская эпоха. Яна прагнецца вясьці політыку, якая адпавядала-б інтарэсам ня толькі гандлёвага, але і прамысловага капіталу, каторы ўжо пачынае ставіць свае запатрабаваньні. І таму і другому капіталу патрэбна пашырэньне тэрыторыі; тут іх інтарэсы сходзяцца. Вось дзеля гэтага урад Мікалая ўвесь час вядзе войны на захадзе і на ўсходзе. Але далёка не заўсёды магчыма пагадзіць запатрабаваньні гэтых двух драпежнікаў. У такіх выпадках мікалаеўскі ўрад прагнецца прайсьці пасярэдзіне. Адсюль і выцякае даволі частая падвойнасьць політыкі Мікалая І. Наагул, усё-ж такі ўрад больш будзе падтрымоўваць інтарэсы гандлёвага капіталу. Эпоху яго трэба лічыць рэакцыйнаю. Але трэба сказаць, што мікалаеўская рэакцыя не падобна на аракчэеўскую, каторая зусім ня лічылася з запатрабаваньнямі новых экономічных умоў.

Мікалай І, як чалавек, не падобен на Аляксандра І шмат з якіх бакоў. Няма ў яго той інстытуцкай сэнтымэнтальнасьці, расплыўчатасьці і адсутнасьці лініі, якія мы бачым у васобе Аляксандра І. Мікалай І—натура рэальная, цьвёрдая і нават упартая. Яму няможна адмовіць у даволі значнай працаздольнасьці, каторая, праўда, ня выходзіла з рамак канцэлярскай пісаніны. Ніводзін цар не пакінуў пасьля сябе столькі рэзолюцый, паметак на дакладах і інш., як Мікалай. Яго цараваньне мае сваю сыстэму, сваю лінію. Тады, як часы цараваньня Аляксандра І назваць аляксандраўшчынай немагчыма, часы Мікалая І—Мікалаеўшчынай мы можам.

Экономічныя рэальныя умовы патрабуюць ад ураду войнаў за пашырэньне тэрыторыі. Асоба Мікалая з гэтага боку падходзіць да запатрабаваньняў моманту. Ён любіць вайсковы, казармены парадак і дысцыпліну, разумеючы іх, праўда, з чыста формальнага боку. Яшчэ з дзяцінства ён любіць вайсковыя цацкі; шаблі, стрэльбы, барабаны, трубы і г. д. Гэта вучань не часоў Лягарла, а часоў Ламсдорфа, каторы цялесныя кары лічыў найлепшай мерай пэдагогічнага ўплыву, а ваенную муштру—найважнейшай і найпатрэбнейшай навукай. На погляд Мікалая І жыцьцё ўва ўсёй імпэрыі павінна быць пабудована так, як і ў арміі, пры тым, у мікалаеўскай арміі, імпэрыя павінна зрабіцца падобнай на мікалаеўскую казарму. На гэтую тэму ён часта любіў гаварыць: «Тут, у арміі, парадак, строгая бязумоўная дысцыпліна, усё