Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зямлю ад сялян і сялян ад зямлі. Вынікам з усяго гэтага было значнае пагоршаньне палажэньня беларускага сялянства. Адзін з дзекабрыстых (Н. Тургенеў) так апісвае падобныя зьяўленьні: «Адно з самых абурлівых злачынстваў прыкмячаецца ў беларускіх провінцыях (Віцебскай і Магілёўскай), дзе сяляне так абяздолены, што выклікаюць жаласьць нават рускіх прыгонных. У гэтых провінцыях паны аддавалі сваіх сялян сотнямі і тысячамі падрадчыкам, каторыя праводзілі землякопныя работы ва ўсіх канцох імпэрыі. Гэтыя гаротныя людзі наймаюцца галоўным чынам на будоўлю вялікіх шляхоў і канаў. Пан бярэ абавязак зрабіць пастаўку на вядомы лік людзей па ўмоўленай цане, а падрадчык бярэ абавязак харчаваць іх у час работы. Урадавыя інжынэры, што наглядалі за работамі, не патрабуюць ад падрадчыкаў нічога больш ад таго, што трэба для падтрыманьня іх жыцьця. А што датыча да грошай, каторыя атрымлівае за іх пан, то ўрад ня ўмешваецца ў гэта. Такім спосабам былі пракладзены дарогі наўкола Царскага Сяла» (Ред. Семенова Россия, т. ІХ. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. СПБ., стар. 110). Мы нічога ня можам дадаць да гэтага малюнку. Само сабою зразумела, што прыгнечанае беларускае сялянства адказвае паном бунтамі, забойствамі і рабункамі маёнткаў, аб чым ужо гаварылася вышэй. Паўстаньні сялян пакуль што дробны, неорганізаваныя і ня зьвязаныя адно з другім. Урад з імі лёгка спраўляецца ўсялякімі рэпрэсіямі.

Пачатак мікалаеўскай эпохі.

З 20-ых гадоў XIX сталецьця ідзе ўпартая рэакцыя. Пачаўшыся з аракчэеўшчыны, яна, пасьля паўстаньня ў сьнежні, пераходзіць у Мікалаеўшчыну. Што датычыць да аракчэеўшчыны, то яна павінна разглядацца, як надворны політычны выказ тых глыбокіх экономічных працэсаў, каторыя тады перажывала імпэрыя. З 20-ых гадоў зноў моцна пачынае расьці ў Расіі маладая прамысловасьць. У 1822 годзе урад устанаўлівае высокае мыта на замежным тавары, каб менш пусьціць іх на рынак і такім спосабам падтрымаць рускую прамысловасьць, забясьпечыўшы ёй вольнае месца на рынку. Стары лад, пабудованы на грунце экономічных узаемаадносін гандлёвага капіталу, адчуваючы прыход на зьмену новага капіталу, каторы будзе руйнаваць старую політыку, бязглузда і ўпарта, рукамі дэгэнэрата Аракчэева, апошні раз будзе бараніць свае політычныя падставы.

На барацьбу з аракчэеўшчынай, як політычнай сыстэмай, выступаюць дзекабрыстыя. Не астанаўліваючыся на апісаньні падзей дзекабрызму, што ў нашы заданьні ня ўходзіць, мы павінны адзначыць, што дзекабрыстыя былі тыповымі прадстаўнікамі інтарэсаў прамысловага капіталу, катораму з соцыяльнага боку было патрэбна вызвалень