Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваны проціў неслухаў. «Тыя, што не выпаўняюць ці выраўняюць свае абавязкі дрэнна, па дакладзе вясковых улад павінны ўгаварвацца, карацца і прымушацца да выкананьня сваіх абавязкаў пры дапамозе павятовай адміністрацыі і нават вайсковай сілы, калі гэтага будуць вымагаць абставіны». Па тых карах, якія вызначаны ў адозьве, відаць, што сялянскае пытаньне стала вострым і часта патрабуе для свайго вырашэньня карных мер.

У запісках сучасьнікаў мы спатыкаем скаргі паноў на «необузданности» сялян. Паны баяцца сваіх мужыкоў. Наполеон падліў яшчэ масла ў агонь. Ён вельмі часта выказваўся, што мае намер вызваліць ад пана рускага мужыка. Сталі хадзіць чуткі, што Наполеон ужо выдаў закон аб скасаваньні прыгону, што паноў слухаць далей ня трэба. Апроч таго, вельмі часта і францускія салдаты падкідалі запалкі ў сухую салому: падымалі сялян на паноў і разам рабавалі панскую маёмасьць. Перад намі невялікі твор Я. Баршчэўскага, сучасьніка кампаніі 12 году, пад назваю «Рабункі мужыкоў», у каторым аўтар апісвае факт, які адбыўся ў маёнтку пана Маякоўскага—Шнітаўках, каторы знаходзіўся ў 50 вёрстах ад Полацку. Там, паміж іншым, сказана: «Як пранцуская сіла з-за Дзьвіны наступіла, нам стала карціць, што-б парадак прывраціць. Аднака-ж сядзелі ціха. Аж тут прыносіць ліха пранцузаў у наш двор. І нутка делаць здор. Клеці паразьбівалі, паноў нашых загналі, нас казалі пазьбіраць і гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, аб нашым краю ўпаўнялі (незразумелае слова) і на мігі нас прасілі, каб мы з імі двор лупілі, і мы доўга там гулялі, што хацелі, пілі, бралі. Той браў плацьця на вяроўку, чым абшыць жонцы шнуроўку. Іншы быдла занімаець, другі адзеньне хапаець». Калі адкінуць насьмешліва-шляхецкі тон апавяданьня, напісанага аўтарам-шляхціцам, то перад намі паўстае яскравы малюнак тагачаснага жыцьця. Мужыком ужо карцела расправіцца з панамі, але яны не адважваліся. Прышлі францускія салдаты, у масе сваёй сяляне, і моваю клясы, жэстамі ўцягнулі беларускіх сялян у рабунак панскага маёнтку.

Зразумела, што такія факты, апроч Шнітавак, адбываліся і ў другіх мясцовасьцях Беларусі. Проф. У. І. Пічэта піша аб гэтым так: «Рабункі, забойствы, падпальваньне дамоў—звычайныя формы протэсту. Побач з гэтым, нездаволеныя сяляне рабавалі хлебныя сьвірны, забіралі сабе маёмасьць. Такога роду бунты былі распаўсюджаны ў Менскай губэрні. Падобныя бунты былі і ў другіх губэрнях. Сяляне ў м. Бешанкавічах Віцебскай губ. адмовіліся слухацца пана і ня слухаліся ўгавораў адміністрацыі. У другім маёнтку вынік рух з прычыны рэкруцкага набору. Сяляне зрабавалі панскія палацы, адабралі 500 руб. грошай, разьбілі 2.400 вёдзер віна і пабілі панскую адміністрацыю. І ў другіх паветах Віцебшчыны былі бунты, вынікаўшыя, згодна офі