Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і пашыраецца па губэрнях з вялікай пасьпешнасьцю цыркуляр міністра ўнутраных спраў губэрнатарам. Цыркуляр зацьверджан імпэратарам пазьней ад рэскрыпту на цэлы тыдзень (27 лютага), але апублікован, як мы сказалі, раней ад рэскрыпту затым, каб паменшыць і без таго малое значэньне рэскрыпту. Сутнасьць цыркуляру, прыблізна, такая. Міністар абвяшчае, што ў хуткім часе будзе апублікован царскі рэскрыпт на ймя С. П. Румянцава аб вольных хлебаробах. У сувязі з гэтым, губэрнатарам даецца загад, каб яны не зразумелі вышэйпамянёнага рэскрыпту, як указу, і не націскалі на памешчыкаў у сэнсе вызваленьня імі сялян на аснове рэскрыпту. У цыркуляры даволі ясна вызначана, што рэскрыпт мае на мэце задаволіць ня столькі інтарэсы сялянства, сколькі інтарэсы паноў: яго мэта—утварыць для паноў магчымасьць аддаць мужыком свае землі па выгаднай цане.

Вышэйпаказаны рэскрыпт ня меў ніякага значэньня ні для паноў, ні для сялянства. Амаль што за 60 год яго дзейнасьці (з 1803 да 1861 году) ува ўсёй Расіі было вызвалена каля 100.000 сялян. На Беларусі гэтая цыфра даходзіла да 5-6 тысяч чалавек. «Лібэральны» урад, такім спосабам, асьмеліўся толькі паставіць сялянскае пытаньне, але ня больш. Панства зьберагло ў цэласьці сваю «сьвяшчэнную» жывую ўласнасьць.

У часы кампаніі 12 году сялянскае пытаньне на Беларусі вельмі завастрылася. Думкі аб вызваленьні ад панскага прыгону пачынаюць праходзіць у масы. Імпэрыялістычная вайна разбурыла і зруйнавала край, а разам з тым разбурыла звычайныя, штодзённыя экономічныя і політычныя адносіны паміж панам і прыгонным селянінам. На Беларусі адбывалася частая зьмена ўлад, каторая ўтварала для селяніна магчымасьць астацца воч-на-воч з тым панам, каторы ў звычайныя часы ўкрываўся за моцным каркам сваёй панскай дзяржаўнай улады. Гэты факт у сваю чаргу дае магчымасьць селяніну рабіць тое, што ён сам хоча. Найперш ад усяго, селянін выяўляе сваю волю тым, што ён проста-на-проста кідае пана і ўцякае ад яго апекі ў лясы і балоты. Там ён вольны чалавек, асабліва, калі ў яго завядзецца зброя. Весткі таго часу гавораць нам, што па лясох і балотах Беларусі ўтварыліся даволі значныя ўзброеныя сялянскія атрады, якія не давалі паном спакойна спаць. Калі жыцьцё на нейкі час уцішылася і на чале Літвы і Беларусі стаў так званы Часовы Ўрад, то беглыя сяляне і ня думалі вяртацца з атрадаў дамоў для выкананьня сваіх «халопскіх» абавязкаў. Гэтыя атрады рабілі шмат клопату Часоваму Літоўска-Беларускаму Ураду, учыняючы непарадкі і наводзячы страх на паноў. Вядома, што проціў сялянскіх атрадаў, для падтрыманьня старога соцыяльнага парадку урад павінен быў організаваць 6 батальёнаў егэроў з лясных каманд.