Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пачалося з таго, што Аляксандар І хацеў забараніць продаж сялян без зямлі. Але далей хаценьня справа не пашла, бо прадстаўнікі рэакцыйнага дваранства былі ярымі праціўнікамі такой забароны.

Першым загадам у справе сялянскага пытаньня быў вельмі цікавы ўказ 1801 году, на аснове каторага было забаронена друкаваць у газэце «С.-Петербургские Ведомости» абвесткі аб продажы сялян. Прадаваць сялян памешчык можа, але друкаваць абвестку аб гэтым ён ня можа, каб «лібэральнаму» ураду ня прыходзілася чырванець перад Заходняй Эўропай за такія абвесткі. На аснове загаду сялян прадавалі ці проста без абвестак, ці з абвесткамі «об отдаче в услужение», што друкаваць дазвалялася. Па абвестках мы бачым, што цэны на сялян былі рознастайныя, ад 685 рублёў да 2½ рублёў, залежна ад кваліфікацыі, полу і ўзросту.

У 1803 годзе адзін з лібэральных дваран таго часу С. П. Румянцаў падае ураду дакладную запіску, дзе ён прапануе даць паном права адпускаць на волю сялян па ўзаемнай згодзе з імі, надзяляючы іх зямлёю, за каторую сяляне павінны даць выкуп. Разам з тым, Румянцаў просіць урад дазволіць яму вызваліць сваіх уласных сялян на тых асновах, каторыя ён вызначыў у сваёй дакладной запісцы. Проэкт Румянцава найраней быў разгледжан у Інтымным Комітэце і тут ніякіх супярэчзк не спаткаў. Адсюль ён папаў на разгляд у Дзяржаўны Савет. Тут наўкола лібэральнага проэкту ўтварылася вялікая бура і падняліся гарачыя спрэчкі. Зразумела, што ўнесеным проэктам былі абураны дваране-прыгоншчыкі, прадстаўнікі старога экономічнага укладу жыцьця, зьвязанага з формамі гандлёвага капіталізму. На чале іх стаў ідэолёг «матушки Екатерины», поэта «богаподобной царевны Фелицы», Г. Р. Дзяржавін. Ён і ўся кансэрватыўная опазыцыя даказвалі, што проэкт Румянцава шкадлівы, бо ён нясе небясьпеку сучаснаму экономічнаму і політычнаму стану імпэрыі.

Як вынік усіх гэтых разваг і гарачых спрэчак зьяўляецца ня ўказ, як гэта няправільна вызначаецца ў старых падручніках, а толькі царскі рэскрыпт аб вольных хлебаробах на імя С. П. Румянцава, падпісаны Аляксандрам І 20 лютага 1803 году. На аснове гэтага рэскрыпту, Румянцаву асабіста і тым паном, якія таго пажадаюць, даецца дазваленьне вызваляць сваіх сялян. Пішуцца умовы аб узаемных абавязках, селянін плаціць пану, па згодзе з ім, выкуп за атрыманую зямлю і волю і робіцца пасьля гэтага вольным хлебаробам. Самае афармленьне такога вызваленьня зьяўляецца вельмі зацяжлівай процэдурай. Па сваім прававым палажэньні вольныя хлебаробы прыроўніваюцца да скарбовых сялян: разам з імі яны маюць суд і кіраваньне і плацяць у дзяржаўны скарб падушны падатак. Падпісаўшы рэскрыпт, Аляксандар І адважваецца яго публікаваць. Раней яго публікуецца