Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


А опозыцыя ў Варшаве ў сойме паміж тым расьце. Апроч таго, пачынаючы з кампаніі 12 году, як у Польшчы і Беларусі, так і у самой Расіі ідзе хуткі рост патайных організацый, варожых да рускага самаўладзтва. Дзейнасьць іх з 20-х гадоў робіцца вядомай ураду, каторы пачынае непакоіцца. Ідуць рэпрэсіі ў адносінах да патайных гурткоў у Польшчы і Беларусі. Абмяжоўваецца констытуцыя Польшчы, што ўсё разам выклікае эміграцыю польскіх патрыётаў заграніцу. Паступова гатуюцца сілы для паўстаньня 1831 году.


Сялянскае пытаньне.

Яшчэ ў XVIII сталецьці зарадзіўся прамысловы капіталізм як у Расіі, так і на Беларусі. У вадносінах да Беларусі даволі ўспомніць чыннасьць у другой палавіне XVIII сталецьця ў Горадні падскарбія Антона Тызэнгаўзэна. Пры яго дапамозе зьявілася ў Горадзеншчыне суконная, палатняная, мэталічная і інш. фабрыкі. Была прыведзена ў парадак друкарня. Былі ўтвораны школы чыста практычных ведаў, па вэтэрынарыі, бухгальтэрыі, ральніцтву і г. д.

Але трэба сказаць, што XVIII сталецьце яшчэ ня мела адпаведнага грунту для росту новай галіны капіталізму. У Горадзеншчыне, напр., к канцу сталецьця амаль што ўся вызваная да жыцьця прамысловасьць прыпынілася. З аднаго боку, для маладога прамысловага капіталізму бракуе машын. Прамысловыя прадпрыемствы XVIII сталецьця найчасьцей зьяўляюцца мануфактурамі, што не дае ім дадатковых карысьцяй у параўнаньні з ранейшаю кустарнаю прамысловасьцю. Нават вельмі часта рабочы мануфактуры даваў менш дадатковай цэннасьці, чым кустар. З другога боку, прамысловаму капіталізму не хапала вольных рабочых рук, каторыя былі ў гэтыя часы скуты прыгонам. У той час, як гандлёвы капітал, жыўшы ня вытворчасьцю, а купляй-продажам, быў зацікаўлен у прыгняценьні дробнага вытворцы-кустара і рамесьніка і быў ярым абаронцам прыгоннага права,— прамысловы капіталізм, эксплёатуючы працу вольных рабочых рук, патрабаваў вызваленьня сялян ад пана і ад зямлі. Гэтая процілежнасьць старых і новых экономічных адносін будзе рабіць уплыў увесь час на пастаноўку і выяўленьне сялянскага пытаньня як у Расіі, так і на Беларусі.

У пачатку XIX сталецьця руская фабрычна-заводзкая прамысловасьць пачынае крыху ўзмацняцца, што зьяўляецца адным з рэзультатаў контынэнтавай сыстэмы 1807 году і кампаніі 1812 году. Пачаўшы разьвівацца прамысловы капітал ставіць свае вызваленчаскія запатрабаваньні па сялянскім пытаньні. Аднак гэтыя запатрабаваньні ён вымаўляе тонкім, слабым галаском дзіцяці. Што датычыць да ганд-