Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дакладнымі апісаньнямі гэтых рабункаў. Мы возьмем тут для прыкладу найбольш тыповыя з апісаньняў. Вось перад намі ліст віленскага памешчыка Эйсмонта. «Войскі (францускія), заняўшы ваколіцы гораду (Вільні), адразу зьнішчылі ваколічныя з горадам абыватальскія дачы, а ў ліку іх і маю дачу, што была каля гораду, пад назваю Маркоцьце. Яны забіралі ўсю, што была там, провізыю, быдла, коні, усялякую рухомую маёмасьць, разьбівалі дзьверы, вокны і мэблі ў будынках. Каб давяршыць канчаткова руйнаваньне, кавалерыя скасіла ўсё дваровае і сялянскае збожжа на корм коням. Такім спосабам, на працягу аднэй гадзіны згубіў я ўсё, а сяляне мае, разагнаныя з хат, ратаваліся тым, што ўцякалі ў горад; іх я пры вялікай дарагоўлі і недахватах прымушан быў харчаваць у горадзе. Свае ўбыткі я тады вылічаў на 4.000 р. срэбрам (К. Военский. Акты, документы и материалы для истории 1812 года, т. І, стр. 416). Мы ня верым, што пан Эйсмонт харчаваў мужыкоў у горадзе, але трэба згадзіцца, што страты, каторыя панёс ён і яго сяляне ад рабунку францускай арміі, былі не малыя. А вось яшчэ перад намі: «Записки помещика Виленской губернии». Там (стар. 21), паміж іншым, апавядаецца такі факт: «Памешчык К. Дзісьненскага павету, каторы схаваў сям’ю ў бясьпечным месцы, а сам асабіста спаткаў французаў, хацеў пачаставаць іх, але яны абабралі яго ды пакінулі ў аднэй бялізьне. У такой вопратцы памешчык быў прадстаўлен нэапольскаму каралю, які зьявіўся праз некалькі гадзін пасьля гэтага няпрыемнага здарэньня». Вывад ясны: калі так рабавалі паноў, то аб «мужыкох» і гаварыць ня прыходзіцца; калі пан мог яшчэ знайсьці абарону, то селяніну заставалася толькі цярпець.

Разам з францускай арміяй зьявіліся на Беларусі і мародзёры. Вельмі трудна падлічыць, колькі іх было. Паводле некаторых францускіх зьвестках лік мародзёраў на тэрыторыі Літвы і Беларусі даходзіў да 25.000. Гэтая цыфра вельмі і вельмі прыблізная, бо само сабою зразумела, што мародзёр ёсьць тып, каторы не падлягае зусім цьвёрдаму падліку. Сяляне ўцякалі часткаю ў гарады, як гэта відно з вышэйпаданага, найчасьцей яны хаваліся з сваёю рухомаю і нярухомаю маёмасьцю ў лясы і балоты, куды ня мог дайсьці ні францускі жаўнер, ні мародзёр. Асабліва скардзілася беларускае сялянства на баварцаў і вэстфальцаў, каторых яно называла «паварцамі» і «бяспальцамі». Успамінак аб іх доўга аставаўся ў беларускай вёсцы. Трэба сказаць, што рабункі не прыпыняліся на ўсім працягу кампаніі 12-га году.

У часы наполеонаўскай кампаніі разьвіваюцца мясцовыя політычныя падзеі, зьвязаныя з адраджэньнем вялікай Польшчы «ад мора да мора». Шляхта ў Польшчы і на Беларусі, не здавальняючыся Варшаўскім гэрцогствам, чакае, што Налолеон пашырыць тэрыторыю гэрцог-