Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апроч унівэрсытэту, якраз напярэдадні вайны 1812 году, у Полацку была адчынена езуіцкая акадэмія замест колегіі, што існавала там раней. Грамата аб перабудове колегіі ў акадэмію была падпісана Аляксандрам 1 сакавіка 1812 году. Праз тры месяцы, 10 чэрвеня, адбылося ўрачыстае адчыненьне акадэміі. У процілегласьць унівэрсытэту, гэта быў асяродак чорнай рэакцыі. На адчыненьні акадэміі быў прысутным вядомы пісьменьнік рэакцыі, францускі эмігрант, Жозэф дэ-Мэстр. Сваім правам і прывілеем акадэмія была прыраўнавана да Віленскага унівэрсытэту. Праца яе, параўнальна з унівэрсытэтам, асаблівага значэньня ня мела і нічога выдатнага не дала.

Часы кампаніі 1812 году.

Кампанія 12 году і падзеі, зьвязаныя з ёю, моцна адбіліся на жыцьці Беларусі. Беларусь, як і заўсёды пры імпэрыялістычных войнах Захаду і Ўсходу, зрабілася арэнаю барацьбы. Беларусь і Літва адразу зрабіліся тым месцам, дзе Расійская імпэрыя сканцэнтравала свае ўзброеныя сілы. 11 чэрвеня армія Наполеона, пераправіўшыся праз Нёман, уступіла на тэрыторыю Расіі. Яе тут чакала руская збройная сіла.

Рускае войска было разьдзелена на чатыры арміі з агульным лікам людзей у 243.000. Дзьве арміі былі за межамі Беларусі: адна на Украіне з галоўнаю кватэраю ў Луцку Валынскім, другая ў Малдавіі, на Дунаі. Дзьве арміі разьмясьціліся на тэрыторыі Беларусі. Першая армія складалася з 120.000 чалавек. Яна знаходзілася пад кіраўніцтвам Барклая-дэ-Толі і была раскватаравана паміж Расіёнамі і Лідаю. Галоўная кватэра арміі была ў Вільні. Пры гэтай арміі ў самым пачатку кампаніі знаходзіўся цар з сваім вялікім штабам. Другая армія складалася з 37.000 чалавек. Яна знаходзілася пад кіраўніцтвам Баграціёна і была раскватаравана паміж Нёмнам і Заходнім Бугам. Галоўная кватэра арміі была ў Ваўкавыску. Такім спосабам, мы бачым, што большасьць усёй узброенай рускай сілы была разьмешчана на Беларусі. З агульнага ліку рускага войска, каторае дахадзіла да 243.000, Беларусь зьмясьціла на сваёй небагатай тэрыторыі 157.000, што складала каля ⅔ усёй збройнай рускай сілы.

Гэты факт лёг вялікім экономічным цяжарам на працоўныя масы Беларусі. Рускае інтэнданцтва, як і заўсёды, больш апекавалася аб самым сабе, аб царскім прагавітым штабе і галоўных кватэрах армій. Салдаты галадавалі. Ратуючыся ад голаду, яны павінны былі самі думаць аб сабе—рабаваць мясцовае сялянства. Рабункі не перарываліся на працягу ўсёй кампаніі. Апроч таго, значная частка харчовага ўтрыманьня арміі была ўзвалена на мясцовыя сродкі і законнымі пастановамі. Аб гэтым былі выданы вайсковымі ўладамі загады. На аснове цэлага шэрагу загадаў кожны селянін павінен быў загатаваць вядомую