Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хіх куткох Беларусі. Вельмі часта потым гэтыя сабраныя матар’ялы, будучы апрацованымі, друкаваліся ў «Брукавых Ведамасьцях».

З студэнцкіх гурткоў цікавасьць да Беларусі пападае і ў навуковыя, профэсарскія колы. Унівэрсытэт ня толькі навукова дасьледвае, але і знаёміць грамадзянства ў польскай мове з архэолёгіяй, гісторыяй, памяткамі старога пісьменства, народнай творчасьцю, звычаямі і наагул бытам Беларусі. З Віленскім унівэрсытэтам зьвязаны працы аб Беларусі такіх дасьледчыкаў, як Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбеўскі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і г. д.

Шляхецкі двор пад Наваградкам, дзе жыў А. Міцкевіч.

Калі ўгледзіцца ў дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту, то мы бачым, што ён у першую галаву быў цэнтрам полёнізацыі беларускай інтэлігенцыі; ён канчаткова полёнізаваў дробную і сярэднюю беларускую шляхту. Але разам з тым унівэрсытэт абуджаў сярод гэтай самай шляхты цікавасьць да Беларусі і беларускай культуры. Ён выпускаў піонэраў беларускага руху. Беларускі рух стаў у неабходную сувязь з польскім адраджэнчаскім рухам, бо Беларусь, на думку польскіх патрыётаў, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай ці проста, як провінцыя на ўсходніх граніцах, ці як аўтономная краіна.