Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

неофіцыяльна вытварыла грунт і дала жывы матар'ял для новай організацыі.

Галоўныя організатары «Праменістых» распусьцілі організацыю і ўтварылі тайнае вобчаства «Філарэтаў» (аматары добрадзейнасьці). У 1820 годзе быў складзен статут з 72 артыкулаў, куды ўвашлі і 15 артыкулаў організацыі «Праменістых». Апроч мэт культурна-асьветных, вобчаства ставіла сабе і політычную мэту: падгатаўляць адраджэньне Рэчы Паспалітай, куды павінна ўвайсьці і Беларусь. На чале «Філарэтаў» стаяў Т. Зан, як старшыня. Яго намесьнікамі былі— Ян Чачот і Франц Малеўскі, сын рэктара унівэрсытэту. Організацыя шырака разраслася і мела ў сваім складзе больш 300 дзейных сяброў. Апроч таго, організацыя ўкосна мела пад сваім уплывам сотні моладзі. Каб менш рызыкаваць, вобчаства было падзелена на невялічкія сэкцыі, каторыя што-тыдзень зьбіраліся на кватэры аднаго з сваіх сяброў. Кожны член меў за абавязак быць прысутным на сходах акуратна. Свой уплыў «Філарэты» пашыралі і на школьных дзяўчат, пранікаючы ў зачыненыя дзявочыя пансыёны. Зачынілася організацыя ў 1822 годзе, калі поліцыя напала на сьлед гурткоў. Каб зьберагчы членаў вобчаства ад поліцыі, Т. Зан спаліў усе дакумэнты гэтае організацыі.

Мясцовы колёрыт усіх гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце ясна кідаецца ў вочы. Паміж іншым, Варшава не здаволена мясцовым, беларускім кірункам гурткоў. У Варшаве лічылі, што такая дзейнасьць гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце можа выклікаць сэпаратызм Беларусі і будзе перашкаджаць агульнапольскай справе. У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць выняткі з артыкулу, зьмешчанага ў № 147 «Брукавых Ведамасьцяй», пад назваю «Ліст з Варшавы», падпісанага псэўданімам «Варшаўскі Прыяцель». Там мы чытаем: «Ня гледзячы на жартоўнасьць і вульгарнасьць вашай назвы (разумеецца назва «Брукавыя Ведамасьці»), вы ўсё-ж такі тут маеце шмат прыхільнікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхетны намер выкараняць краёвыя хібы. Праўда, іншы раз нават вашы прыхільнікі скардзяцца, што для палякаў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны. Вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня і Літва. Іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для ўсіх».

Сябры унівэрсытэцкіх гурткоў вельмі цікавіліся краязнаўствам. У «Філарэтаў», была нават друкаваная інструкцыя наконт таго, як зьбіраць матар’ялы па географіі і этнографіі Беларусі, вельмі дэтальна апрацованая. Інструкцыя ставіць цэлы шэраг пытаньняў, на каторыя зьбірацель павінен даць адказы. Матар’ялы звычайна зьбіралася ўлетку, калі студэнты, карыстаючыся канікуламі, разьяжджаліся па самых глу-