Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на зору Наполеона. Яны ўжо ад яго чакаюць поўнага адбудаваньня Рэчы Паспалітай.

У самым канцы 1811 і пачатку 1812 году ідзе яшчэ адна проба ўтварыць буфэрнае гаспадарства. Вынікае плян пабудаваць самастойнае, пад протэкторатам Расіі, Вялікае Княства Літоўскае. У гэтай справе вядуцца перагаворы з літоўска-беларускім магнацтвам, на чале якога стаіць Агінскі. Вызначаецца шырокая тэрыторыя для новага гаспадарства, куды ўваходзяць губэрні: Горадзенская, Менская, Віленская, вобласьць Беластоцкая, губэрні Кіеўская і Падольская. Для новага гаспадарства проэктуецца нават констытуцыя, падобная на Фінляндзкую. Гэты, вельмі беспадстаўны па замыслу, плян так і ня зьдзейсьніўся, бо распачалася вайна 1812 году.

Асьвета на Беларусі.

Маніфэстам ад 8-га верасьня 1802 году замест старых пятроўскіх колегій былі ўтвораны міністэрствы, лікам — восем. На чале іх былі пастаўлены асобныя міністры, асабіста адпаведныя перад царом кожны за сваё міністэрства. Паміж імі было ўтворана міністэрства асьветы, каторае паводле маніфэсту павінна было мець сваёю мэтаю «выхаваньне моладзі і пашырэньне навук». На чале тых міністэрстваў, каторыя ўрад лічыў вельмі адказнымі, былі пастаўлены члены Інтымнага Коміітэту. Такім міністэрствамі былі прызнаны—унутраных спраў, (міністр Качубей, яго таварыш—Строганаў) і чужаземных спраў (таварыш міністра Чартарыскі).

У сувязі з утварэньнем міністэрства асьветы ўся імпэрыя была падзелена на вучэбныя акругі, у склад каторых уваходзіла па некалькі губэрань. У 1803 годзе (24 студзеня) была вызначана і Віленская вучэбная акруга. Яна займала вялізарны раён, у склад яе ўваходзіла і Беларусь. Яе складалі такія губэрні: Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская, Віцебская, Магілёўская, Валынская, Падольская і Кіеўская. На чале вучэбных акруг у Расіі былі пастаўлены так званыя папячыцелі, на чале Віленскае акругі—куратар, што і значыць у перакладзе з лацінскай мовы—«папячыцель». Пасаду куратара Віленскае вучэбнае акругі заняў таварыш міністра чужаземных спраў, член інтымнага Комітэту, польскі патрыот А. Чартарыскі. Такім спосабам, пад польскім уплывам апынуліся дзьве вельмі важныя справы—кіраваньне дыпляматыяй і выхаваньне моладзі на Беларусі і частцы Украіны. На дапамогу Чартарыскаму, як куратару, прышлі такія самыя польскія патрыёты, як і ён сам, — Тадэуш Чацкі і ксёндз Гуго Калантай.

Калантай, ня гледзячы на свой духоўны стан, быў прыхільнікам ідэй Вялікай францускай рэволюцыі. Гэты здольны і энэргічны чалавек