Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

многа громкіх слоў, праліта многа сьлёз захапленьня і выпіта шмат віна на банкетах і пікнікох.

А Наполеон у гэтыя часы не сядзеў злажыўшы рукі. Хуткім крокам яго армія накіравалася ў Аўстрыю. Тут пад Аўстэрліцам ён разьбіў аўстрыйскую і рускую арміі (1805). З-пад Аўстэрліца француская армія сьпешна была рушана на Вену—і сталіца Аўстрыі была ўзята. Пакончыўшы з адным членам коаліцыі, Наполеонаўская армія ўвашла на тэрыторыю Прусіі. У адзін дзень дашчэнту былі разьбіты дзьве прускія арміі, пры Вене і Аўэрштэце (1806). Праз некалькі тыдняў сталіца Прусіі, Бэрлін, таксама апынулася ў руках Наполеона. Тады на дапамогу Прусіі зьявілася руская армія. Пасьля некалькіх нерашучых стычак руская армія была разьбіта пад Фрыдляндам і адступіла за Нёман.

25 чэрвеня 1807 гаду адбываецца Тыльзыцкая згода паміж Францыяй і Расіяй. На грунце гэтай згоды утвараецца Вялікае Гэрцогства Варшаўскае, у склад якога ўвашлі амаль што ўсе польскія вобласьці, каторыя пасьля падзелаў былі ў складзе Прусіі. Новае гаспадарства было аддадзена пад уладу караля саксонскага і складала частку Рэйнскага Саюзу. Поўным гаспадаром у гэрцогстве быў Наполеон. На новае гаспадарства ён глядзеў, як на авангардны пункт для руху на ўсход. Польская армія, колькасьць якой была вызначана ў 30.000 салдат, павінна была служыць мэтам францускага імпэрыялізму. У 1809 годзе да гэрцогства былі далучаны польскія землі, адабраныя ў Аўстрыі: Заходняя Галіцыя, Кракаў і Вялічка. Усё гаспадарства злажыла каля 2.700 квадр. міль. Экономічны стан гэрцогства быў цяжкі, бо яно павінна было плаціць налогі на ваенныя патрэбы Наполеона. Вызваленае без зямлі сялянства папала ў цяжкую эканомінную залежнасьць ад сваіх паноў.

Утворанае Тыльзыцкаю згодаю польскае гаспадарства ня ўключае ў свае межы Літвы і Беларусі, каторыя засталіся ў межах Расійскай імпэрыі. Гэты факт прымушае польскіх політыкаў зьвярнуць увагу на магчымасьць пашырэньня новай Польшчы на ўсход. У 1811 годзе зноў пачынаюцца перагаворы паміж Чартарыскім і рускім урадам. Вызначаюцца ўсходнія межы будучай Польшчы: яны павінны ісьці па Заходняй Дзьвіне, Бярэзіне і Дняпру. Рэч Паспалітая павінна, на аснове ранейшых плянаў, дынастычна зьвязацца з Расіяй. Рускі цар павінен заставіць у Польшчы лібэральную канстытуцыю, утвораную Наполеонам. Шляхам перагавораў Польшча прагнецца ўвясьці ў свае межы Беларусь, а Расія—зрабіць з Польшчы буфэр у будучай барацьбе з Наполеонам, каторая ўжо прадчуваецца. На гэты раз перагаворы не даюць ніякіх вынікаў. Сымпатыі польскіх патрыётаў ужо накіраваны