Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

такія самыя, як і ранейшага паўлаўскага ўраду. Аляксандар І і Інтымны Комітэт спачувае падзеленай Польшчы і польскім патрыётам. Такія адносіны да Польшчы і яе падзелаў Аляксандр І выявіў яшчэ ў часы цараваньня Катарыны ІІ, выяўляў і пазьней.

Яшчэ ў канцы 1795 году ў Пецярбург прыехалі прадстаўнікі польскай фаміліі Чартарыскіх, каторая ў астатнія часы існаваньня Польшчы грала вялікую ролю ў яе справах. Гэта былі браты Чартарыскія— Канстантын і Адам, аб каторым мы ўжо гаварылі раней. Вясною 1796 году паміж Аляксандрам, будучым імпэратарам, і Адамам Чартарыскім у садзе Таўрыдзкага палацу была цікавая гутарка, каторая адбывалася тры гадзіны. Гутарку з Аляксандрам Чартарыскі потым дакладна апісаў у сваіх мэмуарах. (Memories du prince A. Czartoryski, Paris, 1887, т. І.).

Прывядзем вынятак з названай вышэй гутаркі. «Ён (Аляксандар) сказаў мне, што ён ня згодзен з поглядамі і правіламі двару і габінэту; ён зусім не спагадае політыцы і спосабу дзейнасьці сваёй бабкі (Катарыны). Усе яго жаданьні былі на старане Польшчы і мелі сваёю мэтаю посьпех яе слаўнай барацьбы. Касьцюшка ў яго вачох быў вялікім чалавекам па свайму дабрадзейству і яшчэ затым, што ён бараніў справу люднасьці і справядлівасьці». Як кажа Чартарыскі, Аляксандар прасіў яго захаваць гэтую гутарку ў глыбокай тайне і нікому нічога не гаворыць аб ёй, апроч брата. Просьба Аляксандра зусім зразумела, калі прыняць пад увагу настрой катарынінскай політыкі ў адносінах да Рэчы Паспалітай. Ясна, што Чартарыскі прыняў пад увагу прыхільныя да Польшчы словы будучага расійскага самаўладцы, каб пачаць далейшую політыку Польшчы ў сувязі з політыкай Расіі, што мела зьмяніцца. З далейшых слоў мэмуараў відаць, што Чартарыскаму, як польскаму патрыоту, настрой будучага галавы расійскага ураду быў вельмі прыемны. «Я перадаў брату аб гэтай гутарцы і, падзяліўшыся паміж сабою нашым захапленьнем і нашым зьдзіўленьнем, мы разам пачалі марыць аб яскравай будучыне, каторая, здавалася, адчынялася перад намі». (Memories).

Пасьля ўступленьня на царскі пасад Аляксандра І, польскі патрыотызм мае падставу для сваіх надзей. Падстаўляецца плян аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 году, утварыўшы дынастычную сувязь яе з Расійскай імпэрыяй праз асобу Аляксандра І. Адначасна з гэтым, у другой частцы польскіх патрыотычных кругоў вырастае яшчэ адзін плян: зьвязаць долю Польшчы з імем рэволюцыйнай Францыі. Там пачынае ўсходзіць сонца Наполеона, раней, як галоўнакамандуючага эгіпэцкай арміяй, потым, як консула і ўрэшце, як імпэратара французаў. З гэтым сонцам частка польскіх патрыотаў хоча злучыць дзень адноўленае Польшчы. Такім чынам, польская справа зьвязала сябе з прад-