Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

знаходзіліся ў меншых гарадох, каторыя потым сталі на чале паветаў (Полацак, Невель, Вяліж, Мсьціслаў, Ворша, Чэрыкаў і Чавусы). Былі дзьве школы, каторыя насілі спэцыяльны характар, гэта—Шклоўскі кадэцкі корпус і Магілёўская праваслаўная духоўная сэмінарыя. Што датычыць да польскіх школ, то сетка іх была куды гусьцейшая і кваліфікацыя іх была вышэйшая. Адных толькі езуіцкіх колегіумаў было сем—шэсьць поўных і адзін няпоўны. Поўныя калегіюмы былі ў Полацку, Віцебску, Дзьвінску, Магілёве, Мсьціславе і Воршы, няпоўны—у Чачэрску. У Талочыне была пяцёхклясавая базыліянская школа. Апроч таго, у губэрні існавалі школы і другіх манашацкіх ордэнаў, напр., домінікан, піараў (Валынцы, Ушачы, Віцебск). Iснавала шмат пачатковых, так званых парафіяльных (прыходзкіх) школ пры каталіцкіх і вуніяцкіх манастырох і цэрквах. Па Менскай губэрні мы ведаем толькі адну рускую школу ў Рэчыцы; польскіх зарэгістраваных школ налічваеца восем (Менск, Мазыр, Бабруйск, Слуцак, Пінск, Несьвіж, Халапенічы, Паставы). У Менскай губэрні, як у Беларускай, школы вельмі часта ўтрымліваліся манашацкімі ордэнамі (базыліяне, піары). У Слуцку існавала адна кальвінская школа. У Літоўскай губэрні (Віленшчына, Горадзеншчына і Ковеншчына) рускіх школ зусім ня было. Там існавалі выключна польскія школы. На чале іх стаяла віленская езуіцкая акадэмія, што абярнулася пачатку XIX сталецьця ў унівэрсытэт. У акадэміі налічвалася каля 250 студэнтаў. Выкладаньне навук у акадэміі адбывалася ў лацінскай мове; польская мова толькі што яшчэ ўводзілася, як выкладовая мова ў школах. Як і ў першых дзьвюх губэрнях, шмат школ знаходзілася на ўтрыманьні манашацкіх ордэнаў (20 школ). Вядомы школы базыльянскія (4), піярскія (5), домініканскія (3), бэрнардынскія (3) і г. д.

Усе школы на Беларусі працуюць паводле навуковага пляну і статуту Адукацыйнай Комісіі, якая засталася яшчэ ад часу Рэчы Паспалітай: Былі школы, дзе ўжывалася і беларуская мова, напр., у школах базыліянскіх і парафіяльных. Наогул, беларускаю моваю карыстаюцца часта ў вуніяцкіх школах.

Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця.

У ноч на 11 сакавіка 1801 году забойствам «божьего помазанника» закончылася панаваньне «ужаса». На царскі пасад праз труп бацькі ўваходзіць сын Паўла, Аляксандар І. Вярхі грамадзянства і прыдворныя колы сустрэлі яго цараваньне з надзеямі і радасьцю. Выхаваны на прынцыпах сэнтымэнтальнага лібэралізму, ён быў тыповым прадстаўніком дваранскай інтэлігэнцыі свайго часу. Многа гаварылася, многа пралівалася сьлёз радасьці й смутку, а суровае жыцьцё