Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У вадказ на такія акупацыйныя злачынствы пачынаецца на Беларусі патаемны рух, які ў гарадох носіць амаль што выключна політычна-соцыяльны кірунак, а на вёсцы яшчэ і нацыянальна-беларускі кірунак. Найраней пачаўся рух сярод рабочых. Профсаюзы, у якіх дагэтуль меў вялікую сілу Бунд і Поалей-Цыон, ня хочуць і ня могуць ісьці за гэтымі згодніцкімі партыямі. Шырока разьвіваецца тут комуністычная праца. Бунд павінен ахварбавацца ў комуністычную хварбу. Падпольная організацыя Компартыі Літвы і Беларусі з кожным днём мае ўсё больш і больш прыхільнікаў. Вельмі хутка ад агітацыі і пропаганды партыя пераходзіць да падгатоўкі паўстаньня. Здабываецца зброя, організуецца разьведка і невялічкія аддзелы паўстанцаў.

Заварушылася і вясковая бедната. Дагэтуль яна мела слабую сувязь з камуністычным рухам. Раней сялянства на Беларусі было пераканана, што бальшавікоў на Беларусі няма, што яны выключна расійцы, правадыры іх жывуць у Маскве, а сюды толькі прыяжджаюць, каб змагацца з панамі. Окуланты-імпэрыялістыя, што праганялі Вялікі Кастрычнік з Беларусі, падтрымлівалі гэты вясковы міт аб бальшавікох.

Політыка-соцыяльны і нацыянальны уціск над вёскай прабудзілі вясковую моладзь. І сюды прыпала Кампартыя і Комсамол. Побач з імі, вырастае «Беларуская Комуністычная організацыя». Яна вырастае на каранёх беларускай вёскі. Складаецца яна большасьцю з сялян і вясковых настаўнікаў. Цэнтрам організацыі зьяўляецца Беларускі Пэдагогічны Інстытут у Менску; на чале організацыі хутка ўтвараецца Комітэт пад назваю Першай тройкі. Програма організацыі зусім супадае з праграмаю Компартыі. Асаблівым сваім заданьнем яна ставіць абхапіць актыўныя элемэнты вёскі, выдзеліць там беднату, а з яе выбраць актыўнейшыя элемэнты ня толькі для рэволюцыйнай, але й для комуністычнай працы. Для гэтых мэт організацыя шырока карыстаецца «мужыцкай» беларускай мовай. Апроч таго, організацыя ставіць сваёю мэтаю разлажыць беларускі рух, пакіраваць яго па чырвонаму руслу соцыяльнай, клясавай рэволюцыі і ўліць у інтэрнацыянальны рух пролетарска-сялянскага вызваленьня. Ня раз падымаецца пытаньне аб злучэньні організацыі з Компартыяй Літвы і Беларусі, чаго жадае і на чым настайвае організацыя. Злучэньню перашкаджаюць падпольныя умовы існаваньня. Наступае час вялікага бою; няма часу займацца аформленьнем; яно адкладзена да лепшых часоў, якія былі недалёка.

Як рэзультат цяжкіх умоў жыцьця пад окупацыяй і працы комуністычных організацый вырастае паўстаньніцкі рух, які з асаблівай сілай выбухае вясною 1920 году. Працуюць ува ўсю партызанскія групы, працуюць адзіночкі-тэрорыстыя. Крывёю паноў і крывёю паўстаўшых мас пакрываецца змучаная Беларусь. Расстрэлы, турмы, шом