Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Буржуазія спаткала армію з захапленьнем. Зусім не такі настрой быў у пролетарскіх колах і ў колах гарадзкой і вясковай беднаты. Прышла армія на абарону фабрыкантаў, паноў, ксяндзоў і г. д., і чым больш яна была бліскучая, тым цямней было на сэрцы беднаты. У галовах бадзяліся думкі, зьвязаныя з страхам і адчаем. Здавалася, што ніколі ня хопіць сіл у пролетарыяту і сялянства, каб прагнаць гэтае бліскучае белапольскае войска.

Адразу пасьля ўваходу арміі, па гарадох, мястэчках і вёсках Беларусі пачаліся пагромы. Шукалі комуністых, білі яўрэяў, сялян, якія спачувалі саветам. Даволі было каму-небудзь з паноў ці падпанкаў паказаць на чалавека пальцам, што гэта—бальшавік, як гэты чалавек ставіўся да сьценкі. Шмат загінула народу, нават зусім непавіннага ў бальшавізьме. Дасталося коопэрацыйным і яўрэйскім крамам, якія таксама чамусь лічыліся бальшавіцкімі і аддаваліся на грабества. Па гарадох і мястэчках найбольш цярпелі яўрэйскі пролетарыят і бедната, па вёсках—батракі маёнткаў і сялянская бедната.

Вярнуліся фабрыканты і паны. І тыя і другія пачалі шукаць і забіраць сваю маентнасьць і зямлю, адабраную ў іх бальшавікамі. Пашлі ўдаваньні, вобыскі. Запоўніліся вастрогі гарадзкою і вясковай беднатою. У вастрогах для лепшага сазнаньня намечаных праступнікаў былі пушчаны ў ход жорсткія кары. Па вёсках разьехаліся «канаркі»— жандары, утварылі вясковыя «постэрункі» і, разам з зьвярнуўшымся панствам, вышуквалі тых, хто быў проціў пана. Загулялі па мужыцкіх карках шомпалы і бізун. Паны паатрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на мясцох. У паветах яны сядзелі як старасты, у валасьцёх-гмінах—як войты. Моц эканамічная злучылася з уладай політычнай. Рабочыя па гарадох і сялянства па вёсках былі зусім без абароны.

Паўсюды насаджаўся зьвярыны каталіцка-польскі шовінізм. Каталік і паляк сталі сынонімамі. Беларусы-каталікі былі запісаны ў палякі. Назва «беларус» была для акупантаў пудзілам. Паны бралі пачуцьцём, што беларускі рух, як рух запрыгоненага імі сялянства, ёсьць рух у корані не нацыянальны толькі, але і соцыяльны. Па гарадох прагнуліся пры дапамозе рэлігіі і нацыі разлажыць рабоча-профэсыянальны рух. Зьявіліся каталіцка-польскія і юдэйска-яўрэйскія рабочыя саюзы. Каталіцкім саюзам даваліся ўсякія прывілеі. Нават коопэрацыю разьбівалі па рэлігійна-нацыянальных прыметах. Пашла полёнізацыя школы. Падтрымваліся ўсякімі незаконнымі сродкамі каталіцка-польскія школы. Школы рускія чыноўнага і «истинно-русского» напрамку лічыліся як магчымыя і цярпімыя. Асабліва даставалася беларускім школам. Ня выратаваліся і яўрэйскія хэдэры, хоць яны былі клерыкальнымі школамі яўрэйскіх сынагогальных вобшчын.