Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэты загад аб мове таксама вельмі двухсмысловы. Так і няясна, што такое з формальна-юрыдычнага боку беларуская мова. Мова польская—урадавая. А беларуская?—У кожным разе не урадавая. Тым ня менш яе можна ўжываць, праўда, гэтае ўжываньне паводле тэксту загаду не забясьпечана абавязковасьцю са стараны ураду «разумець» гэтую мову.

Пры ўступленьні ў Менск Пілсудскі выдаў яшчэ адну адозву да беларускага насяленьня. У адозьве вызначалася доўгае сужыцьцё беларускага народу з польскім народам. Гэтае сужыцьцё намалёвана ружоваю хварбаю. Адозва вызначае, што польскія войскі, заняўшыя Менск і прагнаўшыя бальшавікоў, адчынілі зноў для Беларусі магчымасьць далейшага шчасьлівага сужыцьця двух братніх народаў. Пілсудскі заяўляе, што ён «хацеў-бы бачыць гэты край вольным паміж вольнымі народамі»; што належыць да ўзаемаадносін з Польшчаю, то Беларусь будзе гаварыць з ёю, «як роўны з роўным і вольны з вольным».

Сярод прыхільнікаў Беларускай Рады прыход белапалякаў падняў надзеі. Яны хацелі верыць яго адозвам і не прымячаць усёй няяснасьці і адмоўных бакоў гэтай адозвы. Пакрысе зьбіраюцца сябры Рады. У тагачаснай беларускай прэсе («Звон», «Беларусь») вызначаецца, што польская дэмократыя павінна шанаваць незалежнасьць Беларусі, бо Польшча ў часы царызму на сваім карку вынесла шмат няволі; польскі і беларускі народ заклікаюцца да дружнага сужыцьця і працы.

У Менск сабралася значная частка радных. Польская захватная політыка вельмі хутка зрабілася яснай, што адзначылася і ў беларускай прэсе, якая пачала выражаць нездаваленьне польскай політыкай. Сярод радных утварыліся дзьве групіроўкі. Адна частка (беларускія С-Р і соцыялістыя-фэдэралістыя) лічыла, што працаваць з окупантамі няма ніякай магчымасьці, другая частка лічыла, яшчэ чакаць зьмены да лепшага ў польскай політыцы. На гэтым грунце адбыўся 13/ХІІ 1919 году раскол старой Рады. Антыпольская эсэраўская частка ўтварыла новую Раду і свой габінэт міністраў, каторы выехаў у белую Літву. Другая частка, назваўшы сябе Найвышэйшай Радай, яшчэ зьбіралася працаваць з окупантамі.

Як мы казалі вышэй, 8-га жніўня 1919 г. польская армія ўваходзіла ў Менск і лавінаю расшыралася па Беларусі. Армія, што й гаварыць, па надворным сваім выглядзе была вельмі бліскучая. Добрыя коні, зброя і вопратка, вялікі лік артылерыі, танкаў. За арміяй цягнуліся абозы на фурманках з запаснымі коламі і тармазамі. Вельмі часта ў абозах і артылерыі магчыма было бачыць асобую пароду коняй-цяжкавозаў з доўгімі вушамі. Фурманкі былі набіты ўсякаю «жыўнасьцю».