Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/251

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўлада з ваенных рук перададзена ў цывільны загад, у каторы будуць запрошаны мясцовыя людзі.

Мэты ураду такія: 1) даць магчымасьць жыхарам пагутарыць аб сваіх патрэбах праз абраных імі прадстаўнікоў; 2) памагчы каму трэба жыўнасьцю, памагчы ў працы вытвараючай, абясьпечыць лад і супакой; 3) апекавацца над усімі бяз розьніцы веры і нацыянальнасьці. Канчаецца адозва прызывамі зьвяртацца да пастаўленых улад «адкрыта і шчыра ў кожнай патрэбе і ў справах, каторыя ляжаць вам на сэрцы і цікавяць вас».

Адозва напісана ў сантымэнтальна-романтычным стылю «многаглаголівага» Керанскага. Тут і «забытая богам старонка», і «нешчасьлівая зямелька», тут і «сэрца», і «шчырасьць». Але цікава тое, што ёсьць тут і «жыўнасьць». Калі ня зробіш уплыву на сэрца, то рабі яго на жывот. У адозьве гаворыцца толькі аб «унутраных» справах і нічога ня сказана аб агульнай незалежнасьці. Само сабой зразумела, што аб соцыяльных справах няма ні слова, бо разьвязваць соцыяльныя справы—гэта справа бальшавікоў, якіх так ня любіць пан Пілсудзкі; апроч таго, калі паставіць у абвестку соцыяльныя справы, тады ня можна было-б Пілсудзкаму гаварыць аб прызыве да ўлады «мясцовых людзей, сыноў гэтае зямлі», якіх бальшавікі пагналі з іх беларускіх маёнткаў; гэтыя «мясцовыя людзі» потым у самай справе былі пакліканы да ўлады, і беларускае сялянства добра памятае іх.

У канцы жніўня выдаецца абвяшчэньне № 16, якое таксама думае аб гэтых «мясцовых людзях». Там ясна, чорным па беламу, напісана так: усякая прыватная ўласнасьць, ці будзе яна гвалтоўна захоплена ці мо’ прыпадкова папаўшая, павінна быць безадкладна звернута ўласьнікам. Уласьнікі зямельнай маёмасьці альбо іх правамоцныя намесьнікі змушаюцца да 10-га верасьня прыняць у сваё ўладаньне зямельную маёмасьць. Зразумела, што паны-земляўласьнікі, «сыны гэтае зямлі», пасьпяшылі выканаць гэтае прадпісаньне і пачалі забіраць свае маёнткі ад пасынкаў Беларусі, якія дзе-ні-дзе ў часы бальшавіцкай улады захапілі панскую зямлю.

Каб задаволіць нацыянальнае пытаньне, хутка пасьля захвату Менску (20-га жніўня 1919 г.) выдаецца загад № 2 аб карыстаньні беларускаю моваю. Загад абвяшчае: «Ст. І. На абшарах, занятых польскімі войскамі, урадавай мовай лічыцца мова польская. Урадавыя загады будуць выдавацца ў польскай мове побач з перакладам іх на мову беларускую. Першае месца займае аснова польскай мовы. Ст. ІІ. У сваіх зносінах з уладай насяленьне можа ўжываць побач з польскай і мову беларускую».