Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

проціў паноў. Асабліва абвострываюцца і ўзмацняюцца шырокія бунты ў Полацкай провінцыі. Ня гледзячы на неорганізованасьць бунтаў, мы бачым, што сялянства ўжо добра ведае, што яно галадуе, дзякуючы эксплёатацыі паноў: бунты непасрэдна пакірованы проціў панскай эксплёатацыі. Бунты адбываюцца ў маёнтках як рускіх, так і польскіх паноў, бяз розьніцы ў нацыянальнасьці. Большасьць бунтаў адбываецца ў польскіх маёнтках толькі таму, што паноў-палякоў на Беларусі было куды болей, чым паноў-рускіх. Ня гледзячы на раздачу урадам зямель рускім вяльможам і дваранам, рускае земляўласьніцтва яшчэ нязначна пашырылася на Беларусі. Сялянскія бунты часта не маглі быць спынены аднэй поліцэйскаю сілаю і шмат дзе падаўляліся войскам. Толькі к сярэдзіне 1797 году бунты былі ліквідаваны з вялікаю жорсткасьцю.

У гэты-ж самы час, 5-га траўня 1797 году, у дзень урачыстасьці царскай каранацыі, урадам быў выдан маніфэст, каторы загадваў: «Дабы никто и ни под каким видом не дерзал в воскресные дни принуждать крестьян к работам». Апроч таго, у далейшых словах маніфэст вызначаў, што «для сельскіх изделиев остающиеся в неделе шесть дней, по равному числу оных вообще разделяемые, как для крестьян собственно, так и для работ их, в пользу помещиков следующих, при добром распоряжении достаточны будут для удовлетворения всяким хозяйственным надобностям».

Калі мы ўглядаемся ў гэты «сэрдабольны» для сялянства маніфэст, то бачым, што ён у першай частцы, прыведзенай намі вышэй, зьмяшчае загад аб абавязковым сьвяткаваньні нядзелі. Што датычыць да другой часткі, аб ня больш як трохдзённай паншчыне, то тут ніякага загаду няма. Паном маніфэст дае проста бацькаўскую параду, што ім «при добром распоряжении» выстарчыць і трохдзённай у тыдзень сялянскай працы. Гаварыць аб якім-небудзь значэньні гэтага царскага маніфэсту ня прыходзіцца. Ён ня мог палепшыць і не палепшыў сялянскага палажэньня. Селянін у хрысьціянскай «благоверной» дзяржаве Расійскай атрымаў права сьвяткаваць нядзелю, на што ён меў права і бяз гэтага маніфэсту. Як раней, так і цяпер законнае права на сьвяткаваньне нядзелі засталося пустым гукам. А парада адносна трохдзённай у тыдзень паншчыны цьвёрда выконвалася панамі толькі тады, калі селянін дагэтуль працаваў на пана менш, як тры дні ў тыдзень.

Школьная справа на Беларусі ў апошнія годы XVIII сталецьця мае па асобных губэрнях такі выгляд. Руская школа прасякае на Беларусь з усходу на захад. Найбольш рускіх школ было ў беларускай губэрні (Магілёўшчына і Віцебшчына). Чатырохклясавыя школы былі толькі дзьве, у галоўных гарадзкіх пунктах: Магілёве і Віцебску. Больш было двухсэнсавых школ, каторых у губэрні налічвалася сем. Яны