Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/246

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

час, каб даць гісторыю Кастрычнікавай рэволюцыі на Беларусі, тым ня менш мы адзначым важнейшыя факты.

Пачаўся Кастрычнік на Беларусі ў абставінах фронту. На чале фронту стаіць абраны яшчэ раней Фронтавы Выканаўчы Комітэт, дзе перавагу маюць згодніцкія элемэнты. Ініцыятыву соцыяльнай рэволюцыі бярэ ў свае рукі Менскі Гарадзкі Савет, дзе сконцэнтравалі свае сілы бальшавікі. З пачаткам Кастрычнікавай рэволюцыі ў Пецярбурзе, па ініцыятыве Мен. Гарадз. Савету, 26-га кастрычніка ўтвараецца Ваенна-Рэволюцыйны Комітэт Заходняй Вобласьці, на старану каторага паступова пераходзяць асобныя вайсковыя часьці фронту, каторы і забірае ўладу ў свае рукі.

19-га і 20-га лістапада ў Менску адбываецца тры зьезды: 1) Абласны зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў; 2) Абласны зьезд сялянскіх дэпутатаў і 3) Фронтавы зьезд. Усе зьезды ухвалілі патрэбу на Беларусі Савецкай улады і злажылі адзіны Выканаўчы Камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласьці і фронту (Абліскамзап). Пэрсональны склад комітэту больш адпавядае інтарэсам фронту, чым Беларусі. Беларускія вайсковыя організацыі засталіся за межамі яго ўплыву, ён наогул не ўвабраў у сваю працу беларускага нацыянальнага руху.

Беларускі рух сконцэнтраваўся ў Менску наўкол Цэнтральнай Рады Беларускіх Організацый і Партый і Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, якая організавалася ў сярэдзіне кастрычніка. Рада стаіць на грунце адзінага нацыянальнага фронту і прагнецца сабраць наўкол сябе «ўсе жывыя сілы бацькаўшчыны».

Сярод нацыянальных беларускіх організацый вынікае думка склікаць Усебеларускі Конгрэс. Гэтай думкай зацікавілася і беларуская соц.-дэмократычная партыя бальшавікоў, якая вырасла ў Пецярбурзе з левага крыла Белар. Соцыялістычнай Грамады. Беларусы-балышавікі хацелі скарыстаць Конгрэс для таго, каб пакіраваць рабоча-сялянскую частку яго ў бок соцыяльнай рэволюцыі. Дзеля гэтага яны павінны былі прыбыць на Кангрэс, але спазьніліся і ня мелі ўплыву на працу Кангрэсу.

Конгрэс адчыніўся ў Менску 14-га сьнежня 1917 году. Сабралося 1.872 дэлегаты, з якіх 1.167 былі з пастанаўляючымі галасамі. У большасьці сваёй Конгрэс быў сялянскім, хоць было тут і шмат рабочых, прадстаўнікоў коопэрацыі, гарадоў, соцыялістычных партый і г. д. Як відна з асноўнага пункту агульнай рэзолюцыі Кангрэсу, ён стаў на дэмократычную пляцформу. Пад націскам рабочых і пасавецку настроеных салдат і сялян ён прызнаў, праўда, як часовую, Савецкую уладу на Беларусі, абраную з яго складу, і сувязь яе ў дзелавых толькі зносінах з Савецкай Расіяй. Конгрэс як-бы хацеў знайсьці сярэдняе