Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А бальшавіцкія сілы на Беларусі ўсё растуць і растуць. Менскі комітэт робіць крокі для іх організацыі. Ён назначае партыйную конфэрэнцыю на першае верасьня. Карнілаўскае паўстаньне было перашкодаю да канфэрэнцыі. Сабраліся прадстаўнікі далёка ня ўсіх бальшавіцкіх організацый. Тым ня менш прысутныя на конфэрэнцыі мелі за сваімі плячыма каля 2.500 організаваных членаў партыі. Замест конфэрэнцыі была зроблена толькі нарада па організацыйных пытаньнях, і прысутныя разьехаліся з тым, каб зьявіцца ў поўным ліку на конфэрэнцыю праз два тыдні. Першая Паўночна-Заходняя Абласная конфэрэнцыя партыі бальшавікоў пачалася 15 верасьня. Яна мела за сваймі плячыма больш 9.000 організаваных членаў і каля 25.000 спачувальнікаў. Гэта была вялікая рашучая сіла, гатовая на барацьбу. Конфэрэнцыя абгаварвала пытаньне аб збройным паўстаньні і абрала Паўночна-Заходні Абласны Комітэт партыі бальшавікоў.

У пачатку кастрычніка сабралася другая Абласная Конфэрэнцыя. Яна адзначыла надзвычайны рост бальшавізму. Канфэрэнцыя прадстаўляла 28.500 організаваных членаў партыі і каля 30.000 спачувальнікаў. Гэта былі ў большасьці салдаты арміі, каторыя толькі па пачуцьці былі бальшавікамі, але заўсёды былі гатовы кінуць вайну імпэрыялістычную і кінуцца ў вайну грамадзянскую.

Пачынаючы з гэтай конфэрэнцыі, шлях рэволюцыі ідзе ўжо проста да Кастрычніка.

Вялікі Кастрычнік на Беларусі.

У муках творчасьці праходзіла соцыяльная рэволюцыя на Беларусі. Тут супыніўся фронт імпэрыялістычнай вайны і падзяліў Беларусь на нямецкую і расійскую частку. Тут Кастрычнік спаткаўся з узброеным старым сьветам Заходняй Эўропы. Доўга ішла барацьба і перавага была то на тэй, то на другой старане. Апроч таго, соцыяльная рэволюцыя на Беларусі спаткалася з нацыянальным пытаньнем. Заблутанае на працягу сотак год і разбуджанае Лютаўскай рэволюцыяй, востра стала яно на парадку дзённым і павінна было разьвязвацца ў сувязі з соцыяльным клясавым пытаньнем. Патрэбен быў час для таго, каб устанавіць гэтую сувязь і замяніць у нацыянальным пытаньні прынцып адзінага нацыянальнага фронту прынцыпам адзінага, рэволюцыйнага, рабоча-сялянскага фронту. Нацыянальны рух, які ў пачатку ішоў ня помеж з Кастрычнікам, павінен быў уліцца ў русло соцыяльнай рэволюцыі.

Тры гады ішла барацьба паміж старым і новым, каб давясьці да канца мэты Вялікага Кастрычніка на ўсходняй частцы Беларусі, бо яшчэ й цяпер Заходняя Беларусь чакае рэволюцыі. Яшчэ ня прышоў