Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны выступалі-б ад яго імені, будзе лічыць за провокатараў» (Адозва Бел. Нац. Комітэту. «Вольная Беларусь», 1917 г. № 2, стар. 2). Па аграрным пытаньні Комітэт ня мае ніякай програмы, што зусім зразумела, калі прыняць пад увагу яго склад. Ён толькі вызначае, што зямельнае пытаньне на абшары ўсёй Расіі прынцыпова павінна быць выяўлена на Агульным Устаноўчым Сойме, а дэтальны разгляд гэтага пытаньня і прыстасаваньне яго да мясцовых умоў жыцьця на Беларусі павінны быць зроблены Краёваю Беларускаю Радаю.

У свой час зьезд беларускіх організацый і партый, утвараючы Нацыянальны Комітэт, абраў дэлегацыю ў складзе 7 асоб для зносін з Расійскім Часовым Урадам. Нацыянальны Камітэт, спадзяючыся на прыхільнасьць новага ураду Расіі да беларускага руху і выпаўняючы пастанову зьезду, організаваў пасылку дэлегацыі ў Пецярбург. Як дэлегаты паехалі—Скірмунт, Іваноўскі, Канчар і інш. Дэлегацыя хацела дабіцца ад рускага ураду згоды на організацыю краёвай улады на Беларусі, беларускай школы, права мясцовага заканадаўства і г. д. З вялікай цяжкасьцю беларуская дэлегацыя дабілася прыёму ў Часовага Ураду, але аўдыенцыя не дала ніякіх вынікаў. Дэлегацыя вярнулася ні з чым. Іншага і чакаць нельга было ад імпэрыялістычнага Часовага Ураду.

Прысутнасьць у Нацыянальным Комітэце земляўласьніка Скірмунта і правых элемэнтаў вельмі пашкодзіла беларускаму руху і асабліва соцыялістычнаму яго крылу. Беларускае пытаньне сталі лічыць панскай інтрыгай, пакірованай проціў сялянства і проціў зьвязку з рэволюцыйнай Расіяй. Пад падазронасьць былі ўзяты і левыя соцыялістычныя групоўкі беларусаў. З аднаго боку, беларусаў пачалі травіць гаспадары часу—меншавікі, эсэры, кадэты і правыя чорнасотніцкія элемэнты, абаронцы вялікай, адзінай, непадзельнай «матушкі»-Расіі. З другога боку, з згодніцкім беларускім рухам не маглі ісьці разам ужо заложаныя бальшавіцкія організацыі. Так было на першым зьезьдзе сялянскіх дэпутатаў Менскай губэрні, дзе бальшавікі прыпынілі разгляд беларускага пытаньня ў прэзыдыюме зьезду, абвясьціўшы яго наагул панскім рухам.

Адразу пасьля губэрскага зьезду Сялянскіх Дэпутатаў, Менскі Гарадзкі Савет у тым самым красавіку склікае зьезд Рабочых, Салдацкіх і Сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронту і тылу. Пад фронтам і тылам разумелася ўся пазьнейшая так званая Заходняя Вобласьць, якая складалася з губэрань—Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай. Сабраліся дэлегаты. Яны яшчэ зусім мала разьбіраюцца ў палітыцы. Для іх кадэт-гэнэрал, эсэр-інтэлігэнт і бальшавіцкі прамоўца пакуль што роўныя велічыні. Згодніцкія партыі яшчэ маюць пасьпех. Зьезд выносіць усё-ж такі пастанову, каб у Выканаўчы Комітэт Заходняга фронту