Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мела, што пры такіх умовах грамадаўцы, як меншасьць, не маглі мець ніякай моцы ў Комітэце. Гэта стала ясна з самага пачатку, калі старшынёю Комітэту быў абраны быўшы член Першай Дзяржаўнай Думы, вялікі беларускі земдяўласьнік Раман Скірмунт.

Пад уплывам Нацыянальнага Комітэту пачынаюць засноўвацца ў розных мясцох новыя беларускія нацыянальныя організацыі самых розных політычных кірункаў. У Маскве організуецца Беларуская Народная Грамада. Яна мае звычайную на тыя часы агульна-дэмократычную праграму і патрабуе аўтаноміі для Беларусі. Яна гуртуе наўкол сябе прогрэсыйна-радыкальныя беларускія колы. У далёкім Туркестане вынікае арганізацыя беларусаў-аўтаномістых, каторая складаецца з беларускіх бежанцаў-інтэлігэнтаў і стаіць за аўтономную Беларусь у складзе Расійскай Фэдэрацыйнай Рэспублікі. У Магілёве складаецца Беларускі Нацыянальны Комітэт руска-кадэцкага кірунку. У Гомлі залажыўся Саюз Беларускай Дэмократыі, які складаўся з эвакуаваных з Вільні русіфікатараў-чыноўнікаў Віленскае вучэбнае акругі; беларускасьць і дэмакратызм Саюзу вельмі падазроныя. Зусім чорна- сотніцкі характар насіў Саюз Беларускага Народу ў Віцебску. Апроч таго, зьявіліся Беларускія Грамады ў розных гарадох Расіі, дзе было шмат бежанцаў. Ядром іх звычайна былі бежанскія комітэты, а програма насіла агульна-дэмократычны характар. Такія Грамады былі ў Яраслаўлі, Саратаве, Пензе і другіх гарадох. Вынікалі і хрысьціянскія беларускія організацыі, як, напрыклад, Каталіцкая Хрысьціянская Дэмократычная Злучнасьць Беларусаў. Усе нацыянальныя беларускія арганізацыі воража адносіліся да Беларускай Соцыялістычнай Грамады і вялі з ёю бязупынную полеміку ў прэсе, на мітынгах, зьездах і г. д. Амаль што ўсе яны былі зьвязаны праз сваіх прадстаўнікоў з Беларускім Нацыянальным Комітэтам у Менску.

Беларускі Нацыянальны Комітэт ставіў сваёю мэтаю культурна-нацыянальнае і політычнае адраджэньне беларускага народу. Ён стаяў за ўтварэньне агульнай Расійскай Дэмократычнай Фэдэрацыйнай Рэспублікі, прычым у яе склад павінна была ўвайсьці Беларусь, як аўтаномная рэспубліка. У адозьве да жыхарства Беларусі Бел. Нац. Комітэт падкрэсьлівае сваю расійскую орыентацыю. Ён піша: «Экономічнае становішча[1] і тыя шырокія магчымасьці, якія адчыніліся з рэволюцыяй перад дэмократычнай Расіяй, зьвязвае нас з Расійскай Фэдэрацыйна-Дэмократычнай Рэспублікай. Комітэт лічыць патрэбным перасьцерагчы ад тых людзей, каторыя, прыкрываючыся імем беларускім, вялі-б пропаганду за далучэньне да Польшчы або да якога другога гаспадарства. Гэтакіх людзей Бел. Нац. Комітэт, паколькі

  1. Стан, палажэньне