Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

павялічэньня ў краі польскага земляўласьніцтва, раздае і нанова землі польскім шляхецкім фаміліям, напрыклад, Ажароўскім, Забелам, Парчэўскім і інш. Паўлаўскі урад не забываецца і аб сваіх уласных рускіх дваранах. Атрымалі на Беларусі зямлю—Мезенцава, поэта Дзяржавін, Мельнікаў, Убра і г. д. Як вынік гэтых раздач, на Беларусі зьяўляецца павялічэньне ліку прыватнаўласьніцкіх прыгонных сялян і зьмяншэньне ліку скарбовых, дзяржаўных сялян. Адным словам, ідзе павялічэнньне, лічбены ўзрост прыгоннага права.

Эканомічны стан беларускага сялянства ў апошнія годы ХVІІІ ст. невымоўна цяжкі. Усе тагочасныя крыніцы, асабліва запіскі сучасьнікаў даюць вам у гэтым кірунку шмат яскравых матэрыялаў. Вельмі тыповым апавядацелем сялянскага быту таго часу на Беларусі зьяўляецца добра вядомы пісьменьнік катарынінскай эпохі, «певец богоподобныя царевны Фелицы» Г. Р. Дзяржавін. У паўлаўскія часы ён меў поўную магчымасьць добра пазнаёміцца з палажэньнем сялянства на Беларусі. У 1800 годзе ён дастаў ад ураду даручэньне прасачыць на месцы за прычынамі страшнага голаду, што быў тады на Беларусі. Каб выканаць гэтае даручэньне, ён аб’яжджаў цэлы рад мясцовасьцяй. Апроч таго, «певец Фелицы» быў памешчыкам на Беларусі. Яшчэ ў 1777 годзе за сваю поэзію ён атрымаў маёнтак у 274 душы ў Невельскім павеце. Дзяржавін, добра знаёмы з беларускім селянінам, так піша аб яго палажэньні ў сваёй справаздачы ураду. «Хота жители ее (Белоруссии) и употребляют пушной или пополам с мякиной хлеб, покупая оный или брав взаймы, но сие и в самые лучшие хлебородные годы обыкновенно в том краю бывает, особенно весной до новой жатвы. Другіе пятую долю ржи с четыремя частями мякины мешают, а иные едят вареный щавель или из отрубей и выжимок вареную кислицу; при чем они но привычке и нужде в довольном равнодушии обретаются». З гэтых слоў мы бачым, што селянін на Беларусі ня толькі ў часы неўраджаю, але і ў звычайныя часы ня можа пахваліцца сваёю сытасьцю. Хлеб з мякіны, вотрубі, шчаўе і іншыя сурогаты замяняюць для яго аржаны хлеб. Дзяржавін, хочучы пацешыць урад, даносіць яму, што, ня гледзячы на пастаянны голад, беларускі селянін так звык да нужды, што зусім не абураецца, а «обретается в довольном равнодушии», падобна грэцкаму філёзофу стоіцкае школы. Факты таго часу нам ясна гавораць, што ў заўсёды галоднага беларускага сялянства якраз ня было філёзофскага, стоіцкага «равнодушия». Селянін і на Беларусі, як і ўва ўсёй Расіі, быў благім філёзофам: ён не здавальняўся сваім палажэньнем і шукаў лепшай долі, шукаў, як мог. Форма організаванага паўстаньня яшчэ была для яго недаступна, і ён пачаў протэставаць у форме бунтоў. У канцы 1796 і пачатку 1797 году па ўсёй Беларусі йдуць сялянскія бунты