Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/233

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хвалі шумяць і бурляць». Нёман кажа, што яму сумна цяпер, бо калісь ён бачыў лепшыя часы і сам меў не такі жабрачы выгляд. Край шмат весялей глядзеў на сьвет, чуліся інакшыя песьні і казкі. На Беларускай зямлі шчасьце цьвіло, як макавы цьвет. «Буйным жыцьцём усё чыста кіпела, слава далёка за мора ішла». Патаптаны цяпер народ быў панам у сябе дома і слаўным за домам, ен умеў даць кніжны ход роднаму слову. «З вольнай дружынаю князь на пасадзе вольнаму люду законы пісаў; слухалі князя, а князь што ня ўладзіў, слухаў, што веча яму звон казаў» (Я. Купала. «Над Нёманам»). Але гісторыя кажа, што зусім ня так добра жылося на Беларусі тым працоўным масам, якія складалі пераважную большасьць народу і якія ў летапісі носяць назву «меншых» ці «подлых» людзей. А што датычыць да «вольнага князя», то тут нам нават і дадаваць нічога ня трэба. Які-б ён ні быў князь, ён усё-ж такі быў князь, якога вольнасьць была няволяю для працоўных беларускіх нізоў.

Але трэба сказаць, што і мінулае далёка не заўсёды дае наша ніўцам магчымасьць уцешыцца. У мінуты, калі гістарычныя дакумэнты ляжалі перад іх вачыма, яны правільна адчувалі мінулае і бачылі, што ў мінулым Беларусі было шмат бяды для тых сялянскіх мас, на абарону якіх выступілі нашаніўцы. Прыгон, зьдзек над селянінам не маглі прайсьці няпрыкмечанымі перад зоркімі вачыма песьняроў-адраджэнцаў. Багаты, залаты, памастацку зроблены слуцкі пояс, сатканы на пэрсыдзкі ўзор, але з беларускім радзімым васільком, дае повад песьняру Максіму Багдановічу напісаць добра вядомы верш «Слуцкія ткачыхі». Залаты пояс будзіць у песьняра думкі не аб багатым і слаўным мінулым Беларусі, а аб цяжкім панскім прыгоне. «Ад родных ніў, ад роднай хаты, у панскі двор дзеля красы, яны, бяздольныя, узяты ткаць залатыя паясы». Яны—гэта беларускія дзяўчаты-сялянкі. Забыўшы радасьць дзявочых сноў, у цяжкай няволі панскага прыгону, пад даглядам панскага вока, ткуць яны на ўзор, прывезены з далёкай Пэрсыі, шырокія парчовыя тканіны. Не на сябе працуюць яны. Ня ім і не вясковым хлопцам насіць залатыя тканіны. А за сьцяною прырода сьвяткуе сваё вясёлае сьвята: зьзяе ў вышыні неба, сьмяецца поле, серабрыцца сярод узгоркаў рэчка, цямнее далёкі бор, сонца залоціць хвалі збожжа, сярод яго міла сінеюць кветкі беларускай вёскі, васількі. Вочы дзяўчат мімаволі спыняюцца на гэтай роднай, прыгожай кветцы. «І тчэ, забыўшыся рука, замест пэрсыдзкага узору, цьвяток радзімы васілька». Хто ведае? можа за гэтую «поэтычную вольнасьць» прыгоннай дзяўчыны-ткачыхі яе чакае бізун на панскай стайні, бо яна сапсавала прывозны ўзор.

Часамі горкі боль поўнага адчаю абхапляе сэрца песьняроў-адраджэнцаў. Ня было долі ў мінулым, няма яе і ў сучаснасьці і ня