Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цяжкае ўражаньне робяць на чытача малюнкі Беларусі, напісаныя рукою і сэрцам песьняроў-нашаніўцаў, прыдушаных і прыгнечаных цяжарам міжрэволюцыйнай рэакцыі. Няма сілы, няма веры, няма сонца і ясных дзён. Беларусь у іх песьнях — гэта зусім бедны край. Толькі відна кругом, што «гразь, балота ды пясок». «Туманы, як пялёнка, засьцілаюць лес і гай... Ой, ты, бедная старонка! Ой, забыты богам край!» Поле на Беларусі не дае добрых ураджаяў. Шмат працы кладзе над ім беларускі селянін, але жыве бедна. Па краі параскіданы бедныя, нудныя вёскі, якія смутна пазіраюць наўкол сябе. Пануе нейкая ціша, як у вастрозе, як на могілках. Цішу часам будзіць песьня народу, але гэтая песьня не нясе бодрасьці і радасьці. «А як песьня панясецца, колькі ў песьні той нуды. Уцякаў-бы, бег, здаецца, сам ня ведаеш куды». Край—сірата, яму долю дала ня маці, а мачыха. «Край наш родны! Бедна поле! Ты глядзіш, як сірата. Нудны ты, як наша доля, як ты, наша цемната» (Я. Колас. «Наш родны край»). Над краем, уздоўж Нёмна—сына Беларусі, вісьне скарга на цяжкую долю, на беднасьць, на цемнату. Не протэст, а скарга. Усё спавіта векавечным горам у гэтым краі: «І той вецер, што дзьме з гаю, што шуміць над борам; тая песьня, што на полі жнеі засьпяваюць; тыя думкі, што да болю сэрца палыхаюць». Зразумела, чаму Беларускі край родзіць песьні смутку, каторыя разьліваюцца плачам у сіняй далі. Яны сьпяваюцца для таго, «каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца» (Я. Колас. «Родныя Песьні»), Гоні-загоны пакрыўджанай Беларусі жаляцца сьвету сваёй руньню зялёнай і сваім коласам сьпелым. Няма сілы! Незавідны народ! «Спавітыя плесьняю вёскі між пустак заселі бясьсільна, утуліўшыся ў цені бярозкі на вечным кургане бадыльным. А люд... ён сагнуўшыся ходзіць пад ношай зьнямогі-пакуты і, роячы сны аб свабодзе, з дня ў дзень сам сабе куе путы. Так сьпіш, так жывеш мімаходам, мой край, як сьцяпная магіла, з сваім незавідным народам, з патухлай і славай, і сілай» (Я. Купала. «Мой край»).

Цяжка на Беларусі жыць беларусу-селяніну, але не лягчэй жыць і таму, хто паставіў сабе за мэту стаць на яго абарону, даць яму асьвету, навучыць яго разумець свае правы працоўнага чалавека. Усякая абарона праў працоўнага люду моцна караецца нядрэмлючым вокам царскай рэакцыі. Абаронца сялянскай Беларусі вырвуць з яго сумнага, беднага, але любага яму, роднага яму краю, пасадзяць у цёмныя, цесныя муры турмы ці выганяць бадзяцца па далёкай халоднай Сібіры (А. Гарун, Я Лёсік і інш.). Зразумела, што любоў нашаніўцаў да бацькаўшчыны, неразрыўна зьвязаная з мучаніцтвам, ёсьць любоў балючая, як-бы хваравітая. Пры такім пачуцьці цяжка, нават ня можна сьпяваць яскрава-вясёлыя песьні. Вельмі зацяжкія абставіны для такіх песень. «Ня пытайце, не прасеце сьветлых песень у мяне, бо як песьню за