Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тым асяродкам, наўкола якога ўсе яны гуртуюцца. Усе яны, як мы казалі раней, так ці іначай зьяўляюцца народнікамі і, як такія, яны па свайму сьветапогляду ёсьць ідэаліста і індывідуаліста. Выключэньне складае толькі рабочы, гарбар па рамяслу, Цішка Гартны. Як рабочага, яго цягне да сябе марксыэм з яго матар'ялістычным сьветапаглядам. Але ён у пачатку, як і другія песьняры, найчасьцей апісвае беларускую вёску, бо ён сам вышаў з сялянскай хаты. Праўда, яго з самага пачатку цікавіць ня толькі доля селяніна, але й доля вясковага пролетара.

Нашаніўская адраджэнцы, як вышаўшыя з працоўных беларускіх гушч, найчасьцей зьяўляюцца ці соцыялістымі, ці людзьмі вельмі блізкімі да соцыялізму. Соцыялізм нашаніўцаў-песьняроў цесна зьвязан з нацыянальным, нават нацыяналістычным настроем: гэта ёсьць нацыянал-соцыялізм. Такая ахварбоўка іх соцыялістычных поглядаў зразумела, калі мы ўспомнім, што Беларусь перажывала нацыянальны ўціск, што беларуская нацыя была «мужыцкай» нацыяй, беларуская мова—«мужыцкай» мовай. Пішуць яны выключна ў беларускай мове, абараняючы яе ад нападаў царызму і абруселай інтэлігэнцыі. Беларуская мова—іх матчына мова. Яна—мова тато прыгнечанага беларускага селяніна і чорнарабочага, якіх яны хочуць вучыць і абараняць.

Моцна зьвязаны нашаніўцы з сялянскаю Беларусьсю. Уся увага іх зьвернуты на сваю родную маці-старонку. Яны моцна любяць яе і за ёю ня бачаць хараства ў чужых краёх. Ёсьць бацькаўшчына і ёсьць «чужая старонка», і яны зусім не падобны адна на другую ў вачох песьняроў. Чужая старонка, куды папаў пясьняр, гняце яго душу, губіць яго здароўе і спакой; яна—нялюбая, вочы песьняра ня хочуць глядзець на яе. На чужой старонцы і птушачкі не сьпяшаюць, і лета там здаецца песьняру, як зіма. «На чужой староначцы ня шумяць лясы, і няма прыгожасьці ў палявой красы; замірае душачка на чужой зямлі» (А. Гарун). Зусім ня так на бацькаўшчыне. Усё там сьпявае голасна, бадрыць і падымае настрой песьняра. «Дзе-ж вы, ніўкі родныя і дубровы шум? Засьпявайце голасна, каб пазнаў, пачуў. Ўскаланеце песьняю векавечных сноў, ўскаланеце душачку, ўскаланеце кроў!» (А Гарун. «Песьня»). Але калі песьняры прыглядаюцца да свайго роднага краю безадносна, не раўнуючы яго з чужой старонкаю, то «маці-Беларусь» ужо іначай апісваецца імі. Гэта—край пануры, у ім жыве люд забіты, бедны і шэры (А. Гарун. «Чаму з маленства»). Але, ня гледзячы на цяжкае палажэньне роднага краю, песьняры любяць яго моцна і шчыра, любяць толькі за тое, што ён ня чужы, а родны край. «Край лясоў і балот, і туманаў гнілых! Хоць і бедна ў табе, і ў лозах тваіх вецер ў восень жудою шуміць... А люблю-ж я той край, бы яго родны сын, і па ім маё сэрца баліць» (Я. Колас. «Палесьсе»).