Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што да Ўсходняй Беларусі, што засталася ў межах царскай Расіі, то яна перажывае разам з ўсёю імпэрыяй астатнія часы перадрэволюцыйнай рэакцыі. На яе межах ляжыць паласа Заходняга фронту царскай арміі. Мясцовыя інтарэсы засланяюцца агульнарасійскімі інтарэсамі. А сярод салдат на фронце ўжо адчуваецца прыбліжэньне Лютаўскай рэволюцыі. Усходняя Беларусь цалком увойдзе ў русло вялікай рускай рэволюцыі.

Нашаніўскае адраджэнства.

Перадрэволюцыйныя часы і рэволюцыя 1905 году, хоць і прыпыненая на нейкі час царскім урадам, паднялі і ўскалыхнулі працоўныя гушчы народу як ува ўсёй Расіі, так і на Беларусі. Яны вышлі з рэволюцыі не такімі, якімі яны ўвашлі ў яе. Не гаворачы ўжо аб гарадзкім пролетару і рамесьніку, заварушылася і прачнулася ад векавечнага сну і беларуская вёска. Малазямельле і безьзямельле селяніна, побач з вялізарнымі панскімі маёнткамі, утваралі ў няпісьменнай вёсцы той моцны экономічны грунт, на каторым вясковая бедната лёгка і проста пераймала рэволюцыйныя ідэі і факты. Ня гледзячы на сваю нярухавасьць, беларускі селянін добра зразумеў, што такое рэволюцыя, для каго яна шкадлівая рэч і для каго яна зьяўляецца вельмі карыснаю.

Як у горадзе, так і ў вёсцы ў часы рэволюцыі было пастаўлена ў першую чаргу пытаньне аб політыка-соцыяльным вызваленьні пролетара і селяніна Беларусі. Але, поруч з гэтым пытаньнем, рэволюцыя паставіла і яшчэ пытаньне аб нацыянальным вызваленьні прыгнечаных царскім урадам яўрэя і беларуса. У горадзе стала на парадак дзённы яўрэйскае пытаньне, а на вёсцы—беларускае пытаньне.

Да пачатку XX ст. беларуская вёска ня мела інтэлігэнцыі, каторая была-б беспасрэдна зьвязана з інтарэсамі сялянства, інтарэсы беларускай вёскі дагэтуль абслугоўваліся інтэлігэнцыяй, якая вышла з шляхецкіх кол і якой трэба было для зразуменьня селяніна і яго многапакутнага жыцьця спускацца з гары ўніз. Народніцтва ранейшай эпохі было ў сваім корані народніцтвам шляхецтва, каторае вельмі часта ўжо было ў палажэньні розначынца. Цяпер пачнецца новы тып беларускага народніцтва. Справа ў тым, што рэволюцыя ўтварыла магчымасьць для выхаду ў сьвет новай інтэлігэнцыі, якая вырасла з глебы працоўнай вёскі.

Зьяўляюцца прадстаўнікі гэтай новай інтэлігэнцыі, сыны малазямельнай і безьзямельнай «засьцянковай шляхты», сялян і рамесьнікаў з мястэчка, уладары дум, песьняры—Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Максім Багдановіч і інш. Рэдакцыя адзінае беларускае газэты «Наша Ніва» робіцца