Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/228

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

полёнізатарства. Конфэрэнцыя чатырох краёвых нацыянальнасьцяй распадаецца. Тым ня менш, беларуская культурна-грамадзянская праца ў Заходняй Беларусі разьвіваецца. Адчыняюцца беларускія школы, друкуюцца кнігі, выходзіць беларуская газэта «Гоман». Існуюць беларускія організацыі—Беларускі Комітэт для дапамогі пацярпеўшым ад вайны, Беларускі Клюб, літаратурна-асьветнае таварыства «Золак», навуковае таварыства, беларускі настаўніцкі саюз і інш. Як завяршэньне організацыі, утвараецца «Цэнтральны Саюз беларускіх нацыянальных грамадзкіх організацый». Прадстаўнікі яго ў красавіку 1916 году прынялі ўдзел у Стокгольмскай Конфэрэнцыі народаў Расіі, дзе яны ад імя беларускага народу заявілі, што ён чакае вызваленьня з-пад ярма расійскай няволі.

У чэрвені 1916 году беларускія прадстаўнікі падаюць асобую мэморыю на трэцяй конфэрэнцыі народаў у Лёзане. Гэта мэморыя («Вольная Беларусь», 1917 г. № 21, ст. 2-3) выкладае гісторыю Беларусі з ІХ ст. да 1916 году. Асаблівая увага зьвяртаецца на ўціск царскае Расіі над беларускім народам. Вайна сваім цяжарам таксама найбольш душыць Беларусь. «Каля году ўжо, як армія расійская і нямецкая б’юцца на землях Беларусі і Украіны, і люд гэтых старонак мусіць цярпець усе жахі вайны, будучы выстаўлен на поўнае руйнаваньне яго экономічнага быту і спыненьне культуры». Канчаецца мэморыя так: «Цяпер, дзякуючы конфэрэнцыі народаў, мы маем магчымасьць першы раз за сто дваццаць гадоў заявіць цывілізованаму сьвету аб поўным браку ў нас правоў, ад каторага мы цярпелі ў дзяржаве Расійскай. Мы просім у цывілізаваных народаў спагады нам і падтрыманьня, каб змусіць шанаваць нашы нацыянальныя і культурныя правы. Мы можам мець нарэшце надзею, што які-б сабе ня быў канец вайны, эўропэйскія народы памогуць нам запэўніць Беларусі ўсе політычныя і культурныя правы, якія дадуць нашаму народу магчымасьць вольна разьвіваць свае інтэлектуальныя, маральныя і экономічныя сілы, і што гэтыя правы дазволяць нам быць гаспадарамі на нашай уласнай зямельцы». Надзеі беларускіх дэмакратаў ня спраўдзіліся. «Цывілізованыя» народы не маглі даць і не далі Беларусі ніякіх праў.

Між тым літоўскія нацыяналістычныя колы па-за плячыма беларусаў пачынаюць вясьці асобныя зносіны з нямецкім камандваньнем і хутка зусім парываюць з беларускімі коламі. Пры дапамозе немцаў яны ўтвараюць у Літве і Заходняй Беларусі «Літоўскую Народную Рэспубліку», на чале каторай становіцца Літоўская Дзяржаўная Рада, палітоўску «Тарыба». Сталіцай новай рэспублікі абвяшчаецца Вільня. Дзяржаўныя пляны беларускіх незалежнікаў, такім спосабам, разваліліся.