Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

між іншым, была графа з запытаньнем аб працы, якой займаліся бежанцы, выкінутыя імпэрыялістычнаю вайною за межы Беларусі. Па адказам, зьмешчаным у гэтай графе, мы ўкосна можам выявіць сацыяльнае палажэньне беларускіх бежанцаў. Графа дае нам такія матар’ялы: чорнарабочымі працавала 50 проц. усёй бежанскай масы, майстравымі былі 12,8 проц., земляробствам займаліся 23,6 проц. і нясьлі інтэлігенцкую працу 10,9 проц. З вышэйпаданых статыстычных матар’ялаў даволі ясна відаць, што бежанства пала якраз на працоўныя нізы Беларусі. Найчасьцей гэта былі сяляне, адарваныя ад зямлі, меншая частка каторых і ў палажэньні бежанцаў неяк абсажвалася на зямлі, а большасьць зарабляла хлеб чорнаю працаю.

Вайна і бежанства выкінулі на вуліцу і аставілі бяз хлеба шмат зьнішчанага, а часам і пакалечанага народу. Гэтая абяздоленая галодная маса пагражала царызму. Трэба было ўтварыць нейкія паліятывы, каб зрабіць уражаньне дапамогі бежанскім масам. У розных гарадох Расіі закладаюцца бежанскія комітэты дапамогі ахвярам вайны. Будуюцца для бежанцаў баракі, харчавальныя пункты, раздаюцца пайкі натураю і грашыма. Вельмі хутка бежанскія комітэты пачынаюць ахварбоўвацца ў нацыянальныя хваробы. Вынікаюць польскія, яўрэйскія, літоўскія, латыскія і інш. комітэты. Дзе-ні-дзе ёсьць спробы з’організаваць і беларускія комітэты. Урад і русіфікаваная беларуская чыноўная інтэлігенцыя перашкаджаюць організавзць беларускія бежанскія комітэты, лічачы, што гэта ёсьць выяўленьне беларускага сэпаратызму. Зразумела, што, дзякуючы гэтаму, вельмі часта беларусы-бежанцы пападалі яшчэ ў горшае палажэньне, як бежанцы інш. нацыянальнасьцяй.

У пачатку верасьня 1915 году нямецкія войскі занялі Вільню. Руская армія пачала адыходзіць далей на ўсход, і Заходняя Беларусь папала ў раён так званай першай акупацыі. Сюды ўвашлі—Горадзеншчына, большая частка Віленшчыны і невялічкая частка Меншчыны. Кайзэраўская Гэрманія адчувала сябе ў гэты момант гаспадыняю палажэньня і вуснамі свайго канцлера абвясьціла, што вызваленыя ад Расіі землі яна ня верне ёй назад. У дэмократычных інтэлігенцкіх колах Віленшчыны нямецкае «вызваленьне» абудзіла незалежніцкія думкі. 19-га сьнежня 1915 гаду апублікоўваецца на чатырох мовах—беларускай, літоўскай, польскай і яўрэйскай—«Унівэрсал конфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага». Тут абвяшчаецца, што прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх і польскіх організацый утварылі канфэдэрацыю, дабіваючыся, «абы Літоўскія і Беларускія землі, каторыя здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанованы нямецкімі войскамі, станавілі пры новых гістарычных варунках неразьдзельнае цела на фундамэнце незалежнасьці Літвы і Беларусі». Сябры конфэдэрацыі зьвяртаюцца да ўсіх грамадзян краю, каб яны,