Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

руйнуецца ўвесь дабрабыт Беларусі наогул і асабліва заходняй яе часткі. Прыпыняецца ўся мірная праца, і край становіцца на ваенную нагу. Зямля ўзрыта акопамі і ямамі, абцягнута калючымі драцянымі загародкамі. Паляцца і руйнуюцца гарады і вёскі, пустошаць палі, лугі і лясы. Для Беларусі, апроч таго, настаюць доўгія часы добра вядомага ўсім нам бежанства, каторае лягло цяжкім крыжам якраз на працоўныя яе масы і каторае не зьліквідааана яшчэ й дагэтуль. Дакладнага ліку бежанства мы ня маем, але толькі па прыблізным падліку з тэрыторыі Беларусі выехала і вышла на ўсход у Расію каля двух мільёнаў людзей. Частка іх пачала цяжкі бежанскі шлях па сваёй уласнай ахвоце, зрушыўшыся з наседжаных гнёзд пад страхам ваеннага тэрору. Частка павінна была зьняцца з месца па загаду ваеннай улады, каторая чамусь лічыла немагчымым, каб пры адступленьні рускай арміі жыхары заставаліся на пакінутым арміяй месцы. У некаторых мясцох казакі, каторыя адходзілі на ўсход апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі і гналі беларускую і яўрэйскую масу ў Расію, дзе бежанцаў чакала горкая доля. Калі тыя, што выехалі па сваёй ахвоце, вязьлі з сабою сякія-такія рэчы, то выгнаныя сілком апынуліся амаль што голымі. Што рабілася на бежанскім шляху, ня трэба казаць. Кожны і цяпер можа пазнаць дарогі, па якім ішлі бежанцы, па тых капцох-магілах, каторыя насыпаны з двух бакоў ад дарогі.

У 1918 годзе беларускі нацыянальны комісарыят у Маскве рабіў рэгістрацыю бежанцаў-беларусаў. У рэгістрацыйнай картачцы, па