Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нуць у гэты дэмократычна-нацыянальны рух рабочых, што яму часта і ўдавалася. Шмат энэргіі было аддадзена на працу ў легальных культурных яўрэйскіх організацыях, як, напрыклад, літаратурна-музыкальна-драматычныя гурткі, вячэрнія рабочыя школы, «Яўрэйскае літаратурнае вобчаства», «Вобчаства для пашырэньня асьветы сярод яўрэяў» і г. д. Яўрэйская культура і мова, каторая ў часы рэволюцыйнага пад’ёму былі для Бунду сродкамі пашырэньня яго ўплыву на рабочыя яўрэйскія масы, цяпер зрабіліся самамэтаю. Як кажа т-ш М. Рафес, Бунд зрабіў поўны паварот да чырвонага яўрэйскага нацыяналізму. «Пачалі раздавацца галасы, што няма нічога дрэннага, калі будуць закладацца асобныя яўрэйскія вольніцы; гаварылі, пісалі і друкавалі ў бундаўскіх органах, што гэта, можа быць, нават вельмі патрэбна, гэта — нават зручна, бо (як пісаў адзін літаратар таго часу Літвак) хворы яўрэй, знаходзячыся ў псыхічна-цяжкім настроі, будзе сябе куды лепш адчуваць, маючы побач з сабою яўрэя, каторы гаворыць з ім у той самай роднай мове, а ня чужога, незразумелага яму хворага другой нацыянальнасьці. Сьвяты жах, каторы раней бундаўцы мелі перад пашырэньнем компэтэнцыі яўрэйскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі, паступова вытхнуўся. Пытаньне пачало разважацца не прынцыпова, а чыста практычна; уносіліся розныя пропозыцыі аб пашырэньні компэтэнцыі яўрэйскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Прынцыповая мяжа паміж Бундам і левым соцыялістычным крылом сіонізму зьнікала» (М. Рафес. Очерки по истории Бунда. 1923, стр. 221).

Такім спосабам, і Бунд і Бел. Соц. Грамада ў часы рэакцыі падпалі моцнаму ўплыву легалізму і ліквідатарства. Клясавыя соцыялістычныя межы забываліся. Падпольная праца ўсё больш і больш аслаблялася. На першы плян была пастаўлена нацыянальна-культурная праца наўкол легалізованых устаноў. Яна патрабавала для сябе шмат работнікаў і шмат энэргіі. І трэба прызнаць, што ў гэтым кірунку як Грамадою, так і Бундам была зроблена значная праца. Зьнік партыец-рэволюцыянэр, яго месца заняў нацыянальны адраджэнец.

Што датычыць гуртка грамадаўцаў, каторыя стаялі на чале «Нашай Нівы», то яны, як зазначалася вышэй, узяліся з вялікай энэргіяй за культурна-нацыянальную беларускую працу. Трэба сказаць, што газэта ў цяжкія часы рэакцыі згуртавала ўвакол сябе шмат бескарысных культурнікаў. Вельмі часта яна з лібэральнага грунту зыходзіла ў бок народніцкага дэмократызму. У такія маманты яна кідала свой лібэральны дэвіз службы «паном і мужыком» разам і схілялася да службы адным прыгнечаным мужыком. Дзеля гэтага газэта ўсё больш і больш пашыралася і рабілася популярнаю ў вёсцы сярод настаўніцтва, вучнёўскай, студэнцкай, сялянскай моладзі, а часам пападала ў мазольныя рукі звычайнага беларускага селяніна, якому яна падаба