Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

думкі. Часта яна ня толькі громка гаворыць, нават крычыць. Але ўдары рэакцыі зноў гоняць яе ў русло лібэралізму.

Рэакцыя налажыла сваю пячатку нават на такую моцную організацыю, як Бунд. Яўрэйскія пагромы, каторыя пасьля 17 кастрычніка пракаціліся па паўдня Расіі, перакінуліся і на Беларусь, у Магілёўшчыну, Меншчыну і Гарадзеншчыну. Гэта была помста яўрэйскім працоўным масам за удзел у рэволюцыі з боку царызму. Пагромы выклікалі шырокую эміграцыю яўрэйства ў Амэрыку. Зразумела, што і пагромы і эміграцыя найбольш закранулі бяднейшую наогул і пролетарскую ў асобку частку яўрэйства. А гэта ў сваю чаргу балюча ўдарыла па арганізацыі Бунду, каторая губіла для Беларусі сваіх сяброў, аддаючы найбольш пролетарскую сваю частку соцыялістычным організацыям Амэрыкі. Памалу ў арганізацыі Бунду ўсё больш і больш брала перавагу дробна-буржуазная і інтэлігэнцкая стыхія. Бунд пакаціўся па нахільнай плошчы да меншавізму і легалізму.

Бунд пачынае цікавіцца і прымаць удзел у разьвязваньні такіх пытаньняў, каторыя зусім не павінны датычаць яго, як клясавай арганізацыі. Бунд, напрыклад, прыняў жывы удзел у такім пытаньні, як дзень адпачынку для яўрэйскіх прадпрыемстваў. На аснове закону 15 лістапада быў устаноўлен абавязковы адпачынак у нядзелю для ўсіх без выключэньня прадпрыемстваў і рабочых, да якой-бы веры яны ні належалі. Да гэтага закону яўрэйскія прадпрыемствы і рабочыя сьвяткавалі суботу, а ў нядзелю адчыняліся на 5-6 гадзін. Пасьля закону ад 15 лістапада яўрэйскія прадпрыемствы папалі ў палажэньне, калі ім трэба было сьвяткаваць і суботу, на аснове закону Майсея, і нядзелю, на аснове царскага закону. Такое сьвяткаваньне двух дзён у тыдзень наносіла экономічную страту прадпрыемцам і рабочым яўрэям і было карысна для хрысьціянскіх прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў, каторыя сьвяткавалі толькі нядзелю, а ў суботу ня мелі канкурэнтаў—яўрэйскіх прадпрыемстваў. Дробна-яўрэйская буржуазія разьдзьмухала пытаньне аб абавязковым дні адпачынку ў вялікае нацыянальнае пытаньне. Бунд таксама быў захоплен гэтым рухам.

У часы рэакцыі нацыянальнае пытаньне ў Бундзе пачынае займаць першае месца, адсоўваючы далёка назад клясавыя проблемы. У партыйнай бундаўскай прэсе мы знаходзім вялікі лік артыкулаў аб разьвіцьці яўрэйскай культуры, барацьбе за роўнапраўнасьць і пашырэньне яўрэйскай мовы, за культурна-нацыянальную аўтономію і г. д. Бунд прымае дзейны ўдзел у руху, каторы падняўся навакол пытаньня аб утварэньні сьвецкай яўрэйскай абшчыны. Бунд лічыў, што органы абшчыны, абраныя на аснове агульнага, роўнага, простага і патаемнага галасаваньня, будуць тэю базаю, на каторай будзе будавацца культурна-нацыянальная аўтаномія. Бунд паставіў сабе за мэту ўцяг