Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У часы Паўла І Беларусь атрымала новы адміністрацыйны падзел. У часы Катарыны ІІ лік губэрань у імпэрыі быў значна павялічан параўнальна з пятроўскім губэрніяльным падзелам. У пачатку XVIII сталецьця Расія складалася з 11 губэрань, пры Катарыне ІІ імпэрыя была падзелена на 50 губэрань. Такім спосабам, вынікла 39 новых губэрніяльных гарадоў. Разам з тым лік павятовых гарадоў павялічыўся на 200. Новыя гарады, як вытвараныя не на экономічным грунце, былі не прамысловымі і гандлёвымі пунктамі, а проста адміністрацыйнымі цэнтрамі губэрань і паветаў. Новая адміністрацыя патрабавала шмат выдаткаў на сваё ўтрыманьне. Маючы на мэце скарачэньне выдаткаў, урад пастанавіў зьменшыць лік губэрань і паветаў у імпэрыі, у сувязі з чым і быў выдадзен адпаведны указ 12 сьнежня 1796 году. Што датычыцца да Беларусі, то тут гэты указ рэалізаваўся ніжэйзгаданым спосабам. Быўшая Магілёўская губэрня і тры провінцыі губэрні Пскоўскай (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская) злажылі адну Беларускую губэрню, галоўным горадам якой быў назначан Віцебск. У пазьнейшыя часы Беларуская губэрня была разьбіта на Магілёўскую і Віцебскую губэрні. Менская губэрня засталася бяз усякіх перамен; галоўным горадам яе быў Менск. Быўшыя губэрні—Віленская, Слонімская (Горадзенская) і Ковенская злажылі адну Літоўскую губэрню, галоўным горадам якой была назначана Вільня. У пазьнейшыя часы Літоўская губэрня ізноў разьбілася на тры—Віленскую, Гарадзенскую і Ковенскую губэрні.

Палажэньне сялянства на Беларусі ў канцы XVIII сталецьця нісколькі не палепшылася. Урад раздае казённыя землі паном за іх «заслугі» перад тронам направа й налева. Дзякуючы гэтаму, скарбовыя сяляне пераходзяць на палажэньне сялян прыватнаўласьніцкіх, ад чаго палажэньне пагаршаецца. Раздачы зямель у часы Паўла робяцца яшчэ шчадрэйшай рукою, чым у часы царыцы Катарыны. Для прыкладу даволі прывесьці лік сялянскіх душ, разданых тым і другім: Катарына II за 34 гады свайго доўгага панаваньня раздала сваім вяльможам і фаварытам 800.000 сялян, а Павал І за 4 гады свайго вельмі кароткага панаваньня пасьпеў раздаць 600.000 сялянскіх душ. Урад Паўла І раздае шчодраю рукою дзяржаўныя землі і на Беларусі. Землі раздаюцца паном бяз розьніцы іх нацыянальнасьці: і рускім, і паляком. Хто атрымаў больш зямель—трудна сказаць, але для палажэньня разданых з землямі беларускіх сялян гэта было ўсё роўна. Найперш ад усяго урад у парадку амністыі зварочвае сэквэстраваныя маёнткі тым польскім паном, каторыя згубілі свае двары ў часы Катарыны ІІ. Такім парадкам, атрымалі назад свае землі ці ўзялі іншыя ўзамен сваіх такія «патрыоты», як Патоцкія, Чацкія, Вяшкевічы і інш. Апроч таго, урад, не зважаючы на політычную небясьпеку для імпэрыі ад