Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/219

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зумела, не магла быць і ня была газэтай сацыялістычнай па свайму зьместу. У рэдакцыйным артыкуле 1 нумару было толькі вызначана, што газэта ставіць сваёю мэтаю абараняць інтарэсы вясковага люду і нясьці яму асьвету ў зразумелай для яго мове. Ня гледзячы на такую, на наш погляд, нясьмелую заяву, ня гледзячы на тое, што новая газэта ў самай рэчы была ня клясава-соцыялістычнай, а нацыянальна-дэмократычнай, яна для тых часоў рэакцыі была занадта радыкальнаю і вельмі непакоіла адміністрацыю. На газэту адразу пасыпаліся кары, як з мяшка. З першых 6 нумароў 5 было конфіскавана, а на шостым яна зусім была забаронена.

Энэргія выдаўцоў і культурны пад'ём сярод беларускіх інтэлігэнцкіх кругоў далі магчымасьць зноў зьявіцца ў сьвет беларускаму друкаванаму слову. Праз два месяцы (у лістападзе), замест прыпыненай адміністрацыяй «Нашай Долі», пачала выходзіць «Наша Ніва». Увакол новай газэты згуртаваліся ранейшыя культурнікі з дадаткам новых, больш правых элемэнтаў. Дзякуючы гэтаму, новая газэта была правейшаю за «Нашу Долю». З клясавым кірункам яна зусім парвала і стала на грунт адзінага нацыянальнага фронту. Дэвізы часопісі зьмешчаны ў рэдакцыйным артыкуле № 1 «Нашай Нівы». Там напісана так: «Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці паном, ці адным мужыком. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу: пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце». Газэта абвяшчае, што яна ня будзе служыць «адным мужыком». Выходзіць, што, апроч пакрыўджаных мужыкоў, яна будзе служыць і «пакрыўджаным паном», каб яны зразумелі, што яны не палякі, ня рускія, а беларусы а ў дадатак да гэтага—людзі. Бязумоўна, газэта ў апошнім выпадку далёка пашла па шляху нацыянальнага фронту і дагаварылася да абсурду. Ясна, што паны не патрабавалі абароны сваіх чалавечых праў.

У рэдакцыйным артыкуле вызначана і тая тактыка, катораю газэта будзе карыстацца, праводзячы ў жыцьцё свае лёзунгі. Там сказана, што газэта «ня будзе пісаць громка, будзе пісаць спакойна, цьвёрда, кідаючы ўсім праўду ў вочы». Дзякуючы сваім скромным дэвізам і нягромкасьці сваіх слоў, газэта неяк праіснавала аж да вайны 1914 года, зрабіўшыся проста лібэральнай газэтай і адбіваючы на сабе ліхалецьце цяжкай эпохі глыбокай апошняй царскай рэакцыі. Трэба ўсё-ж такі прызнаць, што «Наша Ніва» часта выходзіла з рамак сваіх дэвізаў і тактыкі. Паміж яе радкамі часта знаходзім мы здаровыя