Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цёткі (А. Пашкевіч): «Мора», «Хрэст на свабоду», «Пад штандарам» і інш. Адозвы і вершы, надрукаваныя Грамадой, найчасьцей абходзяць соцыяльныя пытаньні і абмяжоўваюцца політычным зьместам. Першае месца займае барацьба з рускім самаўладзтвам. Кідаецца ў вочы замена лёзунгу «Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!» на лёзунг «Працавітая[1] бедната ўсіх краёў, злучайся!» Гэты факт гаворыць нам аб тым, што БСГ пачынае глядзець на сябе хутчэй як на сялянскую, чым пролетарскую організацыю.

Беларускаю друкарняю і беларускаю моваю карыстаюцца для сваіх адозваў і проклямацый і іншыя падпольныя організацыі краю. Беларускай мовай карыстаюцца, напрыклад, нават літоўская падпольная організацыя «Драў-час» («Таварыш»), каторая потым прымае назву літоўскай Соцыял-Дэмократычнай Рабочай Партыі. Асабліва часта карыстаецца беларускаю моваю «аграрная група» РС-ДРП для больш пасьпешнай працы сярод беларускага сялянства. Часам карыстаюцца беларускаю моваю звычайныя вясковыя (раённыя) організацыі РС-ДРП, каторым прыходзіцца працаваць сярод вясковага жыхарства. Вядома, напрыклад, што раённая капыльская організацыя, у каторай працуе беларускі пясьняр пролетары Цішка Гартны (Д. Жылуновіч), выдае ў беларускай мове падпольны тэлеграфаваны журнал пад назваю «Голас нізу». Гэтым журналам вельмі зацікавіўся ў свой час вядомы рускі пісьменьнік Максім Горкі (Пяшкоў).

Бел. Соц. Грамада імкнецца працаваць і найчасьцей працуе ў вёсцы. Ужо перамена партыйнага лёзунгу з чыста пролетарскага на працоўна-бядняцкі гаворыць аб гэтым імкненьні Грамады ў бядняцкія вясковыя колы. І трэба прызнаць, што агітатары Б. С. Грамады забіраліся вельмі часта ў такія глухія вясковыя куткі, куды дагэтуль ніякая соцыялістычная агітацыя і пропаганда не пападала. Асаблівую увагу Грамада зьвярнула на працу сярод вяскова-гаспадарскіх рабочых у маёнтках. Наўкола рабочых групавалася наогул беларуская сялянская бедната, каторая, дзякуючы малазямельлю і безьзямельлю, павінна была за бясцэн прадаваць сваю працу ў панскіх маёнтках.

Яшчэ ў сакавіку 1905 году ў Менску сабраўся першы сялянскі зьезд. Тут уплыў Грамады быў вельмі моцны. Гэта відна ўжо з таго, што зьезд, апроч пастановы, каб адабраць зямлю ад паноў, касьцёлаў, царквей, манастыроў і г. д., ухваліў патрэбу для Беларусі краёвай аўтаноміі з соймам у Вільні, што, бязумоўна, магло выходзіць толькі ад работнікаў Грамады. Як вынік зьезду, організуецца Грамадою ў тым жа 1905 годзе Беларускі Сялянскі Саюз, каторы організацыйна ўстанаўляе пастаянную сувязь БСГ з беларускаю вёскаю. Да нас дашла невялічкая лістовачка пад загалоўкам «Беларускі Сялянскі Саюз»,

  1. Працоўная