Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пасылаюць сваіх прадстаўнікоў на агульнапартыйны зьезд і конфэрэнцыі; Бунд мае сваіх прадстаўнікоў у ЦК партыі, лік іх вызначаецца па згодзе між ЦК Бунду і ЦК партыі. На Міжнародных соцыялістычных конгрэсах у дэлегацыі ад партыі павінны быць і прадстаўнікі Бунду. У верасьні 1906 году пытаньне аб аб'яднаьні з РС ДРП было пастаўлена і на VII зьезьдзе Бунду. Яшчэ да зьезду гэтае пытаньне было разгледжана па організацыях Бунду і дзеля гэтага на самым зьезьдзе доўга над ім ня спыняліся. Зьезд большасьцю 48 галасоў проціў 20 вынес такую пастанову: зацьвердзіць прынятыя IV зьездам РС-ДРП умовы аб'яднаньня і абвясьціць аб’яднаньне Бунду з РС-ДРП адбытым. У канцы пастановы ёсьць такі дадатак: «Зьезд заяўляе, што, уступаючы ў РС-ДРП і прымаючы яе програму, Бунд не зьмяняе свае програмы па нацыянальным пытаньні, і што гэта програма, прынятая VI зьездам Бунту, можна быць пераменена ці выкасавана толькі зьездам Бунду».

Такім спосабам, як мы бачым з вышэйпаданага, злучэньня Бунду з партыяй адбылося, але яно было толькі формальным. Аб’яднаных організацый Бунду і РС-ДРП і пасьля злучэньня ня было як у цэнтры, так і на мясцох. Бунд увашоў у партыю, як самастойная організацыя яўрэйскага пролетарыяту. Адбытае аб’яднаньне было пабудована на прынцыпе нацыянальнага разьмежаваньня. Поруч з тым, Бунд паступова ўсё больш і больш адходзіў ад бальшавіцкай фракцыі партыі і збліжаўся з меншавіцкаю. У 1911 годзе ён дашоў да сьціслага організацыйнага зьвязку з меншавікамі. Гэты зьвязак трываў аж да самага канца 1918 году.

Побач з Бундам, на Беларусі працуе, як мы казалі вышэй, і другая нацыянал-сацыялістычная партыя—Беларуская Соцыялістычная Грамада. Дзякуючы спэцыфічным умовам жыцьця на Беларусі, у ёй, як і ў Бундзе, віднае месца займае нацыянальнае пытаньне. Соцыялістычная частка яе програмы няясная. Партыя вядзе жывыя зносіны і мае цесную сувязь з ППС. Даволі часта па практычных пытаньнях яна контактуе сваю працу з партыяй С-Р. Пасьля спаду рэволюцыйнай хвалі Грамада, як і ўсе другія соцыялістычныя партыі, хаваецца ў падпольле. З організацыйнага боку ўтвараюцца 2 краёвыя камітэты партыі, першы ў Менску і другі—у Вільні. Партыя выдае пры дапамозе ППС рад проклямацый у беларускай мове, разьлічаных на вясковага чытача.

У капцы 1905 году Б. С. Грамада заснавала ў Менску падпольную беларускую друкарню. Друкаром у ёй быў Ф. Станкевіч, каторы навучыўся гэтай справе заграніцаю ў Галіцыі, куды ў свой час для гэтай мэты пасылаўся партыяй. Зразумела, што, дзякуючы гэтаму, друкарская праца Грамады значна паляпшаецца і пашыраецца. Асаблівым посьпехам сярод мас карыстаюцца вершы рэволюцыянэркі-поэтэсы