Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Забастоўка пракацілася па ўсёй Беларусі з маніфэстацыямі і тэрорыстычнымі актамі, каторыя былі адказам на стрэлы ў маніфэстантаў з боку мясцовай улады. Як і ў студзень рэволюцыйны рух на Беларусі праходзіць ня толькі па гарадох; ён глыбока закранае вёску. Беларускае сялянства скідае валасную адміністрацыю, праганяе земскіх начальнікаў, стражнікаў і г. д., чакае вясны, каб захапіць панскую зямлю.

У канцы лістапада 1905 году рабочыя Пецярбургу ўтварылі Савет Рабочых Дэпутатаў, каторы 2 сьнежня выдаў свой вядомы маніфэст. У Менску маніфэст быў атрыман 5 сьнежня і надрукован для пашырэньня ў ліку 5.000 экз. Вынікла пытаньне аб утварэньні Саветаў Рабочых Дэпутатаў і на Беларусі: у Вільні, Беластоку і другіх рабочых цэнтрах. Саветы ня былі ўтвораны, дзякуючы таму, што бундаўцы і польскія соцыялістыя не згадзіліся на іх. Вельмі хутка самаўладзтва, сабраўшы ўсе свае сілы, пачало рашучую барацьбу з рзволюцыйным рухам. Пецярбурскі Савет быў заарыштован. Ува ўсе буйныя рабочыя цэнтры былі пасланы войскі, у паўсталыя вёскі — карныя атрады. Зноў пачалася забастоўка. 8 сьнежня далучыўся да яе Менск, 12 сьнежня—Вільня. Пролетарская Масква пакрылася барыкадамі. Палажэньне царызму было вельмі няцьвёрдае. Толькі неорганізованасьць рэволюцыйных сіл дае яму магчымасьць атрымаць перамогу над рэволюцыяй. Маскоўскае паўстаньне прыпынена, рэакцыя атрымала верх як у Расіі, так і на Беларусі. Пашлі масавыя расстрэлы, арышты, высылкі і г. д. Для Беларусі рэакцыя, апроч таго, прынесла яўрэйскія пагромы (Гомель, Беласток і інш.).

Разам з політыка-соцыяльным пытаньнем, рэволюцыя на Беларусі падняла і нацыянальнае пытаньне. У 1903 годзе, як мы казалі вышэй, Бунд выступіў з радоў РС-ДРП. Рэволюцыя 1905 году зноў паставіла пытаньне аб сьціслым злучэньні ўсіх нацыянальных організацый соцыял-дэмократыі. Вынікала пытаньне аб злучэньні Бунду з РС-ДРП. Адна частка Бунду ня была прыхільнаю да злучэньня. За два гады асобнага існаваньня Бунду яна звыклася з такім яго палажэньнем і хацела захаваць і на далейшыя часы поўную яго незалежнасьць і самастойнасьць. Былі супраціўнікі такога погляду. Яны лічылі, што Бунд павінен увайсьці ў РС-ДРП з захаваньнем у складзе яе самастойнасьці сваёй організацыі. У красавіку 1906 году ў Стокгольме сабраўся IV зьезд РС-ДРП. Зьезд прыняў проэкт аб’яднаньня Бунду з РС-ДРП. На аснове яго Бунд уваходзіць у склад РС-ДРП, як організацыя яўрэйскага пролетарыяту, неабмяжованая ў сваёй дзейнасьці раённымі рамкамі. Ён прымае агульную програму партыі і пастановы агульнапартыйных зьездаў. У гэтых рамках па пытаньнях агітацыі, пропаганды і організацыі Бунд мае самастойнасьць. Ён мае мясцовыя організацыі, цэнтральныя ўстановы і зьезды. Організацыі Бунду