Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэты самы час Павал зацікавіўся Мальтыйскім духоўна-рыцарскім ордэнам, каторы дажываў свой век. Праз нейкі час будучы расійскі цар запісаўся ў ордэн і атрымаў званьне рыцара. Калі Павал зрабіўся імпэратарам, то ён не здаволіўся званьнем звычайнага радавога рыцара, а атрымаў тытул гросмайстра ордэну і да самае сьмерці лічыў сябе абаронцам гэтага каталіцкага ордэну.

Шалёная ненавісьць паўлаўскага ураду да францускай рэволюцыі таксама павінна была выклікаць асаблівую ўвагу да каталіцтва. Справа ў тым, што урад добра ведаў, што каталіцтва было больш прыстасована да барацьбы з рэволюцыйнымі ідэямі і рухам, чымся другія рэлігіі, у тым ліку, напрыклад, і праваслаўе. Каталіцтва, як сыстэма, мела старую, добра пабудованую організацыю і паслухмяную, цэнтралізованую і дысцыплінованую іерархію. Каталіцкае духавенства, як нежанатае, больш было рухавым і незалежным ад абкружаючых яго абставін жыцьця. Выхаваньне і адукацыя каталіцкіх сьвяшчэньнікаў ставілі іх кваліфікацыю куды вышэй ад кваліфікацыі сьвяшчэньнікаў праваслаўнае і вуніяцкай веры. Недарма каталіцкая царква насіла назву ваяўніцкай царквы. Організацыю яе ўзмацнялі розныя духоўныя ордэны, на чале каторых стаяў такі дысцыплінованы і багаты сіламі ордэн, як ордэн езуітаў. Ня гледзячы на рэпрэсіі, каторыя пасыпаліся на яго з апошняй чвэрці XVIII стал., ён існаваў і амаль што не па ўсёй зямлі раскінуў сетку сваіх устаноў. Дзякуючы ўсяму гэтаму, каталіцтва, як сыстэму, урад Паўла І лічыў, што яго трэба не аслабляць, а ўзмацняць.

Адразу былі прыпынены тыя «добравольныя» прылучэньні каталікоў і вуніятаў да праваслаўнай царквы, каторыя часта практыкаваліся мясцоваю адміністрацыяй і вельмі падтрымоўваліся цэнтральным урадам Катарыны ІІ. Гэтыя прылучэньні «отторжанных» у часы ранейшага кіраваньня павялічвалі лік праваслаўных на Беларусі і лікам аслаблялі каталіцтва й вунію. У часы Паўла пачаліся адваротныя адходы прылучаных да праваслаўя ў свае ранейшыя веры.

Не бяз уплыву ураду, якраз у гэтыя часы беларускі вуніяцкі епіскап Анастас Братаноўскі падаў уладзе дакладную запіску, у каторай ён даводзіў, што вуніяцкая царква сваёю навукаю знаходзіцца ў сьціслай сувязі з каталіцкай царквою. Адсюль ён рабіў вывад, што вуніяты павінны ў ерархічных адносінах быць падлеглымі каталіцкай царкве ў Расіі. Згодна з асноўнаю думкаю А. Братаноўскага, урад Паўла выдаў адпаведны загад, на падставе каторага вуніяцкая царква падлягала кіраўніцтву рымска-каталіцкай колегіі ў Расіі. Такім спосабам, беларусы-вуніяты ў Расіі, як раней і ў Рэчы Паспалітай, ізноў падпалі пад уладу каталіцкай іерархіі. Пачаліся масавыя як добравольныя, так і недобравольныя пераходы з вуніі ў каталіцкую веру. Рэлігійнае пытаньне і рэлігійная барацьба на Беларусі зноў абвастрылася.