Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

распадаецца «Незалежная Яўрэйская Партыя». Што датычыць да сіонізму, то ён застаецца ў дробнабуржуазных колах. Поалей-цыонізм—дзіця зубатаўшчыны і нацыянальнага прыгнечаньня—таксама існуе і ў далейшыя часы, але значнага пашырэньня ён ужо мець ня будзе. Соцыял-дэмократыя і Бунд на Беларусі зноў займаюць сваё звычайнае месца ў рабочым руху. Зубатаўшчына пераносіцца на ўсход—у Маскву і асабліва ў Пецярбург. Тут яна канчаецца гапонаўшчынай і расстрэлам рабочых 9 студзёна 1905 г.

Рэволюцыя 1905 году на Беларусі.

Як відаць з ранейшага, у пачатку XX сталецьця на Беларусі існавалі моцныя рабочыя організацыі Бунду і РС-ДРП. Праўда, царскаму ураду ўдавалася ня раз разьбіваць вяршкі гэтых організацый, але справа зноў напраўлялася, бо рух вырастаў з нізоў. У красавіку 1902 г. ў Беластоку зьбіраецца конфэрэнцыя РС-ДРП з прадстаўнікоў Бунду, Пецярбурскага Камітэту, «Паўднёвага Работніка» і загранічнага цэнтру. Канфэрэнцыя абрала організацыйны комітэт для скліканьня другога зьезду РС-ДРП. Ня гледзячы на арышты амаль-што ўсіх удзельнікаў конфэрэнцыі, другі зьезд партыі ўсё-ж такі адбыўся ў жніўні 1903 году ў Брусэлі (Бэльгія). На зьезьдзе лінія Бунду прывяла яго да выхаду з радоў РС-ДРП, пасьля чаго пачаў узмацняцца ў ім нацыяналістычны ўхіл. Зразумела, што РС-ДРП павінна была адразу ўтварыць на Беларусі, паралельна з бундаўскімі, свае організацыі, каторыя-б аб'ядналі рабочых неяўрэяў і тых яўрэяў, каторыя не стаялі на позыцыі Бунду. У 1903 годзе для Палескага абшару ў Гомлі вынікае Палескі Комітэт, а для абшару на поўначы Беларусі з пачатку 1904 году ўтвараецца Паўночна-заходні Комітэт. К пачатку рэволюцыі соцыял-дэмократычныя групы, падпарадкаваныя гэтым двум комітэтам, мы знаходзім амаль што па ўсіх гарадох Беларусі: у Вільні, Менску, Віцебску, Гомлі, Бабруйску, Пінску і г. д. Групы прылучаюць да сябе сотні рабочых, каторыя потым разам з бундаўскімі рабочымі стануць на чале мас, што паўсталі проці існуючага парадку.

У гэтыя-ж часы (1901 г.) організуецца і народніцкая Партыя соцыялістых-рэволюцыянэраў, што вырасла з Саюзу соцыялістых-рэволюцыянэраў. Асобныя гурткі С-Р на Беларусі зьявіліся ў 90-ыя годы. К пачатку XX ст. яны зьліліся ў «Рабочую Партыю Політычнага Вызваленьня Расіі», каторая потым увашла ў партыю С-Р. Цэнтрам РППВР быў Менск. Выдатнейшымі работнікамі партыі былі Радзівонава-Клячка (каторая потым выдала організацыю), Е. А. Гальперын, Г. Гершуні (будучы галава Баявой Організацыі С-Р), А. О. Бонч-Асмалоўскі (каторы жыве і цяпер), К. Брэшка-Брашкоўская (каторая наяжджала