Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тыку і завяршылі сваю легальную працу нацыянальным ідэалам. Ці ня выйгрыш гэта для нас? Ці не згаджае гэта нас з яўрэйствам у політычных адносінах? Трэба сіонізм падтрымаць і наагул сыграць на нацыяналістычных пажаданьнях. Бліжэйшым для гэтага сродкам зьяўляецца дазваленьне жаргоннай літаратуры, якое здавальняе нацыянальны гонар» (Д. Заслаўскі. Зубатаў і Маня Вільбушэвіч. М. 1923, стар. 51, 52, 53).

Зубатаўшчына, такім спосабам, пачала пашырацца на Беларусі, асабліва ў Менску. Зубатаўцы працавалі энэргічна, скарыстаўшы мясцовы экономізм і нацыяналізм. Рабочыя раней ішлі за імі, дзякуючы сваёй несьвядомасьці. Забастоўкі пад кіраўніцтвам зубатаўцаў праходзілі даволі ўдачна, дзякуючы таму, што мясцовая поліцыя іх часта падтрымлівала, маючы загад з цэнтру. Але хутка посьпехі зубатаўшчыны пачалі зьмяншацца.

Найперш ад усяго проціў зубатаўшчыны і Зубатава пачаў энэргічную і ўпартую кампанію Бунд. Пашыралася нелегальная літаратура: брошуры і асабліва проклямацыі. Вялася вусная пропаганда і агітацыя. Выяўлялася сутнасьць зубатаўшчыны, як сыстэмы, і роля Зубатава, як провакатара. Усё гэта рабіла, па прызнаньні самых зубатаўцаў, вялікае ўражаньне на рабочыя масы. Яны пачалі больш удумчыва адносіцца да таго, што бачылі; пачало абуджацца затуманенае клясавае пачуцьцё. Загаварыла старая ненавісьць да пагромнага рускага царызму. Вось што піша Маня Вільбушэвіч на гэтую тэму Зубатаву: «Пасьля многіх з імі (рабочымі) размоў, я ўсё больш і больш прыходжу да перакананьня, што політыка цікавіць іх вельмі мала, але яны не давяраюць і ненавідзяць урад, яны ня могуць разлучыцца з думкаю, што урад—гэта зьвер і абаронца буржуазных кляс» (Д. Заслаўскі. Тое самае, стар. 30).

Вельмі важнай перашкодай для ўсталяваньня зубатаўшчыны была агульная політыка царызму, каторы з зразумелых прычын ня мог не выяўляць варожых адносін да рабочага руху. Падтрымваючы аднэю рукою зубатаўшчыну, ён другою рукою праводзіў рэпрэсіі проціў рабочых. У Вільні політыку рэпрэсій праводзіць фон-Валь. У красавіку 1902 году дэмонстранты-рабочыя тут былі пабіты нагайкамі на Нямецкай вуліцы. На другі дзень 28 дэмонстрантаў у вучастку былі высечаны. У траўні рабочы Г. Лекерт страляў за гэта ў фон-Валя, зраніў яго і быў пакаран карай на сьмерць 11 чэрвеня 1902 году. Пад уплывам рэпрэсій нарастае ў рабочых колах і ў самым Бундзе ўхіл у другі бок. Расьце лік староньнікаў тэрору, як выяўленьня «організованай помсты».

Само сабой зразумела, што пры такіх умовах зубатаўшчына на Беларусі павінна прыпыніць свой далейшы разьвітак. У пачатку 1903 г.