Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абяцанак, льгот і ўсялякіх другіх падобных сродкаў, Зубатаў прагнуўся перацягнуць на свой бок нясталых ці ўжо раней застрашаных рэволюцыянэраў. Часам гэта яму ўдавалася. Асобы, завербаваныя Зубатавым, робяцца правадырамі яго сыстэмы ў рабочых організацыях пад кіраўніцтвам ахранкі.

Трэба згадзіцца, што Зубатаў быў чалавек далёка ня дурны, уладаў красамоўствам і ўмеў блізка падыйсьці да непрактычнага чалавека. Нават добра вядомы рэволюцыянэр-тэрорысты Г. Гершуні здаўся і адзін раз даў патрэбнае Зубатаву паказаньне. Трэба было быць вельмі практычным і стойкім рэволюцыянэрам, каб не папасьціся ў яго сілкі, каторыя ён лоўка раскідаў. Вельмі часта Зубатаў рабіў так: ён вымагаў ад папаўшага ў яго кіпці рэволюцыянэра паказаньняў толькі аб яго ўласнай асобе і працы бяз выдачы таварышаў, чым разьвязваў іх вусны. Так, напрыклад, было з Г. Гершуні, А. Залкіндам і інш.

Стары практычны барацьбіт Адам, цяпер комуністы, т-ш Гудэрмэс так апісвае сваю размову з Зубатавым. Праз некалькі дзён пасьля арышту Адама, Зубатаў выклікаў яго да сябе ў габінэт. Зубатаў быў відны мужчына, сярэдніх гадоў і ў цывільнай вопратцы. Гаварыў спакойна, проста і, трэба прызнацца, падабаўся людзям. Ён спаткаў Адама прыветна, проста, як знаёмага, запытаўся нават аб здароўі. За гарбатаю і добрымі цыгарамі пачалася размова. Пачаў Зубатаў з газэтных навін, расказаў аб апошніх арыштах, праклямацыях і брашурах, крытыкаваў урад, апісваў яго закулісную політыку, гаварыў аб заходнім рабочым руху. а потым перашоў да сваёй мэты, даказваючы наколькі інтэлігэнцыя маніць рабочых, зацягваючы іх у політыку, каторая патрэбна толькі ім самім, і гэтым зацямняе іх бягучыя інтарэсы—барацьбу з капіталам. Адам больш маўчаў і толькі час-ад-часу адкрыта заяўляў яму, што ён Зубатаву ня верыць і лічыць непатрэбным яму адказваць. Зубатаў пратрымаў Адама ў сваім габінэце каля 4-5 гадзін. За два месяцы высілкі ў турме Зубатаў выклікаў яго да сябе на гутарку каля 6 раз. Гутаркі гэтыя скончыліся нічым для Зубатага, а т-шу Адаму яны прынясьлі высылку ў месцы «не столь отдаленные» («Вперед», 1923 г. №1, стр. 95—97).

Як вынік эканомізму, у Бундзе пад уплывам Зубатава ў 1902 г. ў Менску ўтварылася «Незалежная Яўрэйская Партыя», каторая ў сваёй тэорыі і практыцы паставіла над і кропку, каторую дагэтуль ня ставілі экономістыя. Сутнасьць сваёй ідэолёгіі партыя выявіла ў дэклярацыі такога зьместу. Яўрэйская рабочая кляса патрабуе для сябе хлеба і ведаў. Ня можна гэтыя рэальныя патрэбы рабочых прыносіць у ахвяру чужым для іх політычным мэтам. Рабочы політычна можа належыць да ўсякай партыі і ўсё-ж такі мае пірава абараняць свае экономічныя і культурныя інтарэсы, каторыя павінны быць мэтаю, а ня