Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яшчэ маса. Яна, аднак-жа, паступова рабілася сьвядомай, як клясава, так і політычна, знаходзячыся ўвесь час пад уплывам кіраўнікоў кас, сьвядомых партыйных работнікаў. Уся бундаўская організацыя, як і асобныя стачачныя касы, была пабудована на прынцыпе дэмократычнага цэнтралізму і кожны момант была гатова весьці барацьбу.

У той час, як Польская Сацыялістычная Партыя замкнулася ў нацыянальных рамках і, такім спосабам, адарвалася ад рускіх працоўных мас, здрадзіўшы лёзунгам старой польскай партыі «Пролетарыят», зьвязанай увесь час з рускім народавольствам, Бунд стаў на процілеглую позыцыю. Ня гледзячы на тое, што ў яго колах зарадзіўся ўжо дробна-буржуазны нацыяналізм, ён цьвёрда разумеў, што яму для сваіх і агульна-рабочых інтарэсаў ня можна парываць сувязі з інанацыянальным пролетарскім рухам, Ён не замкнуўся ў працу сярод выключна яўрэйскіх рабочых мас, а вельмі часта пашыраў свой уплыў на беларускую вёску, дзе яго добра знала вясковая беларуская бедната. Такія беларускія комуністычныя сілы, як Д. Жылуновіч і Д. Чарнушэвіч былі выхаванцамі бундаўскай арганізацыі.

Бунд ня толькі удзельнічаў у заснаваньні агульнарасійскай соцыял-дэмократычнай організацыі ў 1898 годзе, але быў актыўнейшым організатарам першага ўстаноўчага зьезду Расійскай Соцыял-Дэмократычнай Рабочай Партыі. Гэтым і магчыма аб'ясьніць, чаму ўстаноўчы зьезд адбыўся на тэрыторыі Беларусі, у Менску, каторы быў адным з старэйшых і важнейшых цэнтраў Бунду. Такім спосабам, дзякуючы Бунду, каторы быў тэхнічным організатарам зьезду, Менск, сталіца Беларусі, мае гонар быць калыскаю РС-ДРП, а значыць і РКП.

Зноў ня можам прайсьці міма вельмі цікавай характарыстыкі данага моманту, зробленай вядомай рэволюцыянэркай М. Я. Фрумкінай. «Перамога соцыялізму, як момант канчатковага зьніштажэньня нацыянальнага рабства і бяспраўя, барацьба разам з рабочымі другіх нацый, як адзіны шлях да нацыянальнага вызваленьня, — гэты мотыў зьвінеў у душы яўрэйскага рабочага з першых-жа яго крокаў; і калі інтэлігэнцкі-нацыяналістычныя пабудаваньні пазьней затуманілі гэтую простую, ясную думку, то ў першыя годы яўрэйскага рабочага руху яна была пераважнаю. І ня дзіва загатам, што, аб'яднаўшы ў 1897 годзе свае, заложаныя яшчэ з пачатку 90-х гадоў, соцыял-дэмократычныя групы ў «Агульны Рабочы Яўрэйскі Саюз», яўрэйскі пролетарыят ужо ў гэты момант меў перад вачыма плян утварэньня адзінае Расійскае Соцыял-Дэмократычнае Рабочае Партыі. Пасілкі Бунду з аднэй стараны і Кіеўскай Групы «Рабочай Газэты»—з другой, што ўвесь час дзейнічалі ў поўным контакце, давялі да скліканьня першага зьезду РС-ДРП. Тэхнічны бок працы ўзяў на сябе Бунд, ужо меўшы практыку ў такіх справах» («Звезда», 1923 г. 14, ІІІ, № 59).