Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

М. Я. Фрумкіна. «Нацыянальны ўціск парадзіў тое хворае нацыянальнае пачуцьцё, каторае прыяжджала яўрэйскага рабочага ацэньваць партыі і групоўкі ня з пункту погляду іх об'ектыўнай рэволюцыйнасьці, а з пункту погляду таго, што яны гавораць па пытаньні яўрэйскага роўнапраўя, аб суботнім адпачынку і яўрэйскай мове... Але той самы нацыянальны момант дапамагаў раньняму абуджэньню яўрэйскага пролетарыяту. Надзвычайная згушчанасьць, якую выклікалі асаблівыя гістарычныя умовы, здольнасьць да організацыі, залежная ад бяспраўнасьці, большая ступень эксплёатацыі,—усё гэта вытварала сярод іх (яўрэйскіх рабочых) адпаведныя умовы для разьвіцьця клясавай барацьбы і масавай організацыі, у той час, як такія-ж рамесьнікі, дробна-фабрычныя рабочыя і прыказчыкі ў гарадох Вялікарасіі спалі яшчэ непрабудным сном» («Звезда», 1923 г. 14, ІII, № 59).

Яшчэ ў 1895 годзе ў асобных кіраўнікоў яўрэйскага рабочага руху пачалі вынікаць думкі аб утварэньні «спэцыяльнай яўрэйскай рабочай організацыі», якая была-б кіраўніцаю яўрэйскага пролетарыяту ў барацьбе за экономічнае, грамадзянскае і політычнае вызваленьне (Рафес, тоже, стр. 36). Такая організацыя і аформілася ў кастрычніку 1897 г. ў Вільні пад імем «Агульнага Яўрэйскага Рабочага Саюзу ў Літве і Польшчы», каторы вядом нам пад назваю «Бунду». Па ўспамінах Ар. Крэмера (Аляксандра) справа заснаваньня Бунду абстаяла так: «Усяго адбылося 3-4 пасяджэньні, былі справаздачы з месц, рэфэрат аб патрэбе Бунду. Ніякіх пытаньняў праграмы і тактыкі не разважалася. Дыскусія вынікла толькі наконт назовы. Джон прапанаваў назваць новую організацыю «Яўрэйская Соцыял-Дэмократыя». Гэта назва ня была прынята. Думалі, што гэта назва ня выказвала-б сутнасьці організацыі, каторая складалася з напалову сырых яшчэ рабочых, якія часта ня мелі ніякага паняцьця аб тым, што такое соцыял-дэмократыя. Найбольшую ролю ў руху мелі тады эканомічныя касы. І вось згадзіліся на назьве «Агульны Яўрэйскі Рабочы Саюз» (Алгемейнэр) Ідышэр Арбэйтэр Бунд). Гаварылі паруску. Паяўрэйску гаварылі, здаецца, толькі Ліза з Коўны і шчаціншчык Абрам. Ніякіх формуляваных рэзолюцый не ўхвалілі. Зрабілі пастанову, каб «Арбэйтэр Штымэ» стаў офіцыяльным часопісам Бунду. Абралі Цэнтральны Комітэт, складзены з трох особ: Ул. Касоўскага, Глеба (Мутніка) і мяне (Рафес, тоже, стр. 42).

Так проста й непрыкметна адбыўся важны гістарычны факт заснаваньня Бунду, як соцыял-дэмократычнай організацыі. І гэта зусім зразумела, бо зьезд аформіў толькі тую організацыю, якая была ўжо раней і не адзін год яднала для клясавай барацьбы яўрэйскі пролетарыят. У васнове організацыі ляжалі, як і раней, экономічныя гурткі, стачачныя касы, да каторых цягнула нават клясава несьвядомая