Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гова апрацованы статут. У вадным з статутаў заданьне стачачнай касы вызначаецца так: «Мэта касы—аб'яднаць рабочых, каб змагацца за лепшае жыцьцё і даваць сродкі, якія патрэбны для такога змаганьня. Нашы гаспадары прынуджаюць нас працаваць 14-15 гадзін у дзень і даюць нам так мала, што немагчыма жыць палюдзку. Нам канечне трэба ўсім злучыцца і разам старацца палепшыць сваё палажэньне. Але палепшыць сваё палажэньне мы зможам толькі тады, калі будзем адзін з другім злучаны і будзем змагацца ўсе разам, робячы стачку, г. зн. усе кідаць працу і гэтым прыяжджаць гаспадара ўступіць нам ува ўсім, чаго мы патрабуем. Але для таго, каб зрабіць стачку, мы павінны мець сродкі, на каторыя мы маглі-б трымацца... Мы павінны ведаць і памятаць, што ніхто не дапаможа нам грашыма, калі мы будзем мець у іх патрэбу; загэтым мы павінны старацца, каб усімі магчымасьцямі адкладаць грошы хоць-бы й з невялічкай пэнсіі і заснаваць касу, бо чым меншая пэнсія, тым больш трэба змагацца; для гэтай мэты патрэбна такая каса» (Рафес М. Очерки по истории Бунда. 1923, стр. 315—316). Статут ува ўсіх сваіх пунктах падкрэсьлівае значэньне і патрэбу солідарнасьці ўсіх рабочых і праводзіць прынцып самай сьціслай консьпірацыі. Організацыйная частка статуту пабудована на прынцыпе дэмократычнага цэнтралізму: рабочая маса выстаўляе сама сваіх кіраўнікоў, але, выбраўшы іх, яна павінна бясспрэчна іх слухацца. Сходка асобнай касы падпарадкавана раёну, раён—агульна-гарадзкой сходцы.

Такім спосабам, да сярэдзіны 90-х гадоў на Беларусі ўтварыліся рабочыя арганізацыі, што абхапілі шырокія пролетарскія масы. Яўрэйскі рабочы займаў у гэтых арганізацыях першае месца і ў якасных і ў колькасных адносінах. Нацыянальнае пытаньне, каторае раней у іх амаль што не адчувалася, у сярэдзіне 90-х гадоў шукае для сябе выхаду. Польскія рабочыя, папаўшыя пад уплыў і кіраўніцтва нацыяналістычнай «Польскай Партыі Соцыялістычнай», пачынаюць адрывацца ад агульна-рабочых мас. Рабочы-яўрэй, гэты «парыя сярод пролетараў», прыгнечаны царскім самаўладзтвам, таксама пачынае цікавіцца нацыянальным яўрэйскім пытаньнем. Шырокі рух яўрэйскіх рабочых, абкружаных з усіх бакоў шавіністычнай ідэолёгіяй дробнага яўрэйскага мяшчанства, сярод каторага пашыраецца сіанізм і каторае жыве ў вузкай сфэры нацыянальных інтарэсаў,—гэты рух паступова прасякаецца нейкім недавер'ем да інанацыянальных рабочых мас і пачынае ізолявацца на нацыянальным грунце. Праўда, гэтая ізоляцыя не зачыняе яго пролетарскіх вачэй зусім. Ён разумее, што ён куды больш зьвязан з рускім рабочым, чым з сваім «родным» яўрэйскім купцом і фабрыкантам. Хоць ён і парыя мяжы аселасьці, але ён пролетары. Яскравую характарыстыку яўрэйскага клясавага рабочага руху дае