Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вучнёўскія гурткі на Беларусі ўтвараюць кантынгент тэй моладзі, каторая пашырае цікавасьць да Беларусі сярод студэнцкіх колаў унівэрсытэцкіх гарадоў Расіі. Для пашырэньня сваёй адукацыі беларуская моладзь, скончыўшая сярэднія школы, накіроўваецца найчасьцей у Маскву і Петраград, а часам у Харкаў, Варшаву, Кіеў, Адэсу і інш. гарады. Па гэтых гарадох і ўтвараюцца студэнцкія беларускія гурткі і опозыцыйнага кірунку, з даволі няяснымі програмамі як культурнага, так і політычнага кірунку.

У Маскве з'організаваўся беларускі гурток вельмі цікавым спосабам. У 1891 годзе пасьля студэнцкіх «непарадкаў» было заарыштавана шмат студэнтаў як унівэрсытэту, так і другіх вышэйшых школ.

Седзячы ў Бутырках, студэнты—ураджэнцы Беларусі—організавалі «Беларускі Соцыялістычны Гурток», хутчэй народніцкага, чым марксісцкага кірунку. Гурток не распаўся і пасьля выхаду студэнтаў з турмы. Вынікам яго працы быў пераклад Гаршынскага «Сигнала» на беларускую мову і выданьне яго.

У Пецярбурзе ў 1902 годзе студэнты з Беларусі заснавалі гурток пад назваю «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Гурток выдае на гэктографе невялічкія літаратурныя зборнікі—«Калядную пісанку» і «Вялікодную пісанку». Апроч таго, ён надрукаваў «Вязанку» Няслухоўскага, падаўшы яе ў цэнзуру, як зборнічак баўгарскай літаратуры. Студэнты гэтага гуртка (браты Іваноўскія, Бурбіс, Валейка і інш.) абселіся ў вёсцы Лябёдка, Лідзкага павету і там выдалі на гэктографе газэту «Свабода», толькі адзін нумар. Усё выданьне за выключэньнем двух экзэмпляраў прышлося зьнішчыць пры вобыску.

Амаль што ўсе студэнцкія гурткі—больш народніцкія, чым марксыцкія. Усе носяць рэволюцыйны характар. Ужо адчуваецца наступная рэволюцыя 1905 году.

Разьвітак рабочага руху і зубатаўшчына.

Калі народніцкі рух на Беларусі быў зьвязан з беларускай вёскай, то рабочы марксыцкі рух нашага краю быў зьвязан з горадам і мястэчкам, каторыя, дзякуючы «межам аселасьці» і другім падобным законам і распараджэньнем царскага ураду, былі перапоўнены яўрэйскім жыхарствам. Калі сялянства на Беларусі было прадстаўлена беларусамі, то пролетарыят і дробнае рамесьніцтва былі прадстаўлены амаль што выключна яўрэйствам. Яўрэйская буржуазія, асабліва буйная, як заможная групіроўка яўрэйства, усялякімі праўдамі і няпраўдамі вырывалася з свайго «гетто» на вольны прастор і знаходзіць больш-менш смачныя кавалачкі за межамі яўрэйскай аселасьці. Ёй лягчэй было знайсьці здабычу і на тэрыторыі Беларусі. Зусім інакшым было палажэньне яўрэйскага пролетарыяту і наагул яўрэйскай пра