Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бэра ня зьдзекуецца з асобы селяніна; ён стрыжэ, а не дзярэ скуру, як рабіў заўжды на Беларусі фэўдальны абшарнік-пан. «У бядзе ён і пазычыць, а заробіш, ён заліча. Добры жыд, хоць грошы любіць, а згубіць зусім ня згубіць».

Народніцтва 80-х і 90-х гадоў на Беларусі носіць ня проста лібэральны, а радыкальна-дэмократычны характар. На такі яго характар зрабіла свой ўплыў паўстаньне 1863 году сваёй чырвонаю часткаю ў ваеобе чырвонага дыктатара Беларусі, Кастуся Каліноўскага. Яно ня мірыцца з самаўладзтвам Расіі, яно ня лічыць за добрае «Великие реформы» эпохі Аляксандра ІІ. Адсутнасьць на Беларусі земстваў падтрымвае такі яго настрой, не даючы магчымасьці народнікам на Беларусі ўліцца ў легальнае русло рускага земскага лібэралізму. Забарона беларускага друку яшчэ больш робіць моцным радыкальна-дэмократычны кірунак беларускіх народнікаў.

Народнікаў-беларусаў зусім не здавальняе вызваленьне сялян, што нарабіла столькі лібэральнай шуміхі. Праўда, няма прыгону, няма й паншчыны з усімі да яе дадаткамі. Але вызвалены селянін ад гэтага ня вышаў на лепшы шлях жыцьця. Замест аднаго пана, цяпер іх стала яшчэ больш. «А цяпер? Ой, штосьці кепска выходзе. Цяпер ці ня болей настала паноў?! Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе. І давай я лічыць паноў новых зноў: стараста, соцкі, пісар, старшыня, пасрэднік, вураднік, асэсар, і суд, зьезд міравы, прысутны і сход... Аж паднялася ад страху чупрына, аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот... А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд». («Быў у чысцы» Багушэвіча).

Рэформаваны суд, каторым так захапляліся рускія лібэралы, таксама не здавольвае беларускіх народнікаў. Новы суд—зусім незразумелы для селяніна і па сваім процэсе, і па мове. Старое зьдзірства не прыпынілася, дзякуючы новаму суду. У вершы Багушэвіча «У судзе» даецца яскравы малюнак адносін да суду цёмнага селяніна. Пантурка папаў у суд за тое, што ў пушчы меў патайны браварок. Акцызьнік даўно ведаў пра гэты браварок і браў з Пантурка ўзяткі за маўчаньне. Потым, пабачыўшы, відаць, што з Пантурка мала можна ўзяць, напісаў на яго пратакол, і справа папала ў суд. Пантурка засудзілі ў турму, а апавядальнік, каторы быў сьведкаю на судзе, канчае сваё апавяданьне так: «Я-ж якось уцалеў ад суду ў той час. Каб-жа бог не давёў на той суд другі раз».

Да народнікаў прымыкаюць больш умеркаваныя інтэлігенцкія колы лібэральнага кірунку. Іх цікавіць культурная праца сярод сялянства ў легальных рамках. Лібэралы-культурнікі ў 90- ыя гады ХIХ ст. робяць спробы ўтварыць зусім папулярную літаратуру чыста практычнага характару, каторая магла-б прасякнуць у глухую вёску і заці