Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Беларусі было надарована яшчэ раз «рэфармаванае» земства. Было выдана так званае «положение об управлении земским хозяйством в 9 западных губерниях». У лік гэтых 9 шчасьлівых губэрань з Беларускай тэрыторыі ўвашлі толькі Магілёўская, Віцебская і Менская губэрні. На аснове «положения» ў губэрні ўтвараліся ўставадаўчыя органы, губэрскія комітэты ў справах земскай гаспадаркі. Склад іх быў бюрократычны. Старшынёю комітэту па абавязку лічыўся губэрнатар. Частка членаў комітэту складалася з мясцовых земляўласьнікаў, назначаных міністрам унутраных спраў, паводле прадстаўленьня губэрнатара. Такім спосабам з мясцовых польскіх земляўласьнікаў урад адбіраў самых добранадзейных. Другая частка членаў складалася з вышэйшых губэрскіх ураднікаў. Яны былі як-бы процівагай у вадносінах да першай польскай часткі. Усе члены комітэту носяць назву земскіх гласных. Выканаўчым органам комітэту зьяўляецца губэрская земская ўправа, каторая складаецца з старшыні і трох-пяці членаў; усіх іх назначае міністар. Павятовы комітэт у справах земскай гаспадаркі складаецца з старшыні—павятовага маршалка шляхецтва, вышэйшых павятовых чыноўнікаў і некалькіх валасных старшынь, па назначэньні губэрнатара. Земская ўправа на павеце мае на чале таксама павятовага шляхецкага маршалка і складаецца з 3-4 гласных, назначаных губэрнатарам. Баючыся вольнадумства нават такога земства, урад зрабіў пастанову, каб усе каштарысы яго па заходніх губэрнях (з даходнымі і расходнымі артыкуламі) зацьвярджаліся ў цэнтры Гасударственным Саветам.

З такім характарам «земства» на Беларусі існавала з 1903 да 1911 году. У 1911 годзе яно ўрэшце дачакалася, што яму на абшары трох вышэйпамянёных губэрань, урад падараваў «Земское Положение» 1890 году. Зноў, баючыся ўплыву на мясцовае жыцьцё польскіх земляўласьнікаў, урад даў на Беларусі выбарнае права праваслаўнаму духавенству, апроч таго, на губэрню праводзіўся адзін гласны ад вясковых вобчастваў. Зразумела, што й такое земства таксама ня мела ўплыву на разьвіцьцё гаспадаркі на Беларусі.

Вызваленьне сялян на Беларусі выклікала малазямельле, якое павялічвалася з кожным годам, аб чым мы ўжо гаварылі раней. На 5 беларускіх губэрань—Віленскую, Горадзенскую, Менскую, Магілёўскую і Віцебскую—лік надзельных сялянскіх зямель складае толькі 35,1 проц. усяго абшару, у той час, як прыватнаўласьніцкія землі складаюць 55 проц. Асабліва пацярпела сялянства Меншчыны. Тут мы маем прыватнаўласьніцкай зямлі 60,7 проц., а надзельнай сялянскай толькі 25,9 проц. (лічбы мы бярэм па дроф. Фортунатаву). Зразумела, што селянін з такога надзелу карміцца ня можа. Ён шукае выйсьця ў арэндзе чужой зямлі. Беларускі прыватнаўласьнік моцна трымаецца за