Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У пролетарскіх колах узмацняецца соцыялістычны рабочы рух, які ахварбоўваецца паступова ў нацыянальны колер. Зараджаецца корань моцнай і шырокай організацыі «парыяў паміж пролетарымі» — Бунда, каторы аформліваецца ў партыю ў 1897 годзе, адначасна з аформленьнем сіонізму.

Школа на Беларусі ізноў пачынае вясьці ўпартую русыфікацыю. Для сярэдняй школы русыфікатараў дастаўляюць рускія унівэрсытэты і асабліва духоўныя акадэміі, для ніжэйшых школ адпаведных настаўнікаў—мясцовыя настаўніцкія сэмінарыі і Віленскі настаўніцкі інстытут. Для рабочым і сялян Беларусі даступны толькі ніжэйшыя школы і так званыя гарадзкія вучылішчы. Прычым, праграмы іх пабудованы так, што пасьля іх сканчэньня ніяк ня можна папасьці ў гімназію і ў унівэрсытэт, каторыя такім спосабам застаюцца толькі для заможных груп жыхарства. Каб яшчэ больш загарадзіць гімназію і вышэйшую школу ад працоўных нізоў, на Беларусі сыстэматычна праводзіцца цыркуляр Дзялянава, вядомы ў шырокай публіцы пад назваю цыркуляру «аб кухаркіных дзецях». Асноўная думка цыркуляру такая: кожны падданы імпэрыі павінен заставацца ў тым стане, у каторым ён радзіўся на сьвет. Калі бедны чалавек пападае ў гімназію, а праз яе і ў унівэрсытэт, то ён выходзіць з сваіх соцыяльных абставін і пападае ў новыя. Ён, жывучы сярод заможных таварышаў, на сваёй асобе бачыць клясавыя супярэчнасьці, азлабляецца і робіцца супраціўнікам існуючага парадку. Дзеля ўсяго гэтага начальнікам сярэдніх школ даецца загад, каб яны ня пускалі дзяцей беднаты ў гімназію, а для гэтай мэты рабілі ім правалы на прыёмных экзамэнах. Такім спосабам школа на Беларусі адгароджана была процэнтнаю нормаю ад яўрэйства, а цыркулярам «аб кухаркіных дзецях»—ад працоўнай масы Беларусі наагул.

Адначасна з боку Сыноду і Пабеданосцава ішоў паход на сьвецкую школу, нават у тым выглядзе, які яна мела тады. Ваяўнічае праваслаўе не здавальнялася сваёй роляю. Пабеданосцавым быў апрацован проэкт аб перадачы ўсіх ніжэйшых школ у рукі духоўнага ведамства. Проэкт у цэлым не прашоў і быў праведзен у жыцьцё толькі часткаю выданьнем закону 1884 году. На аснове яго пад загад праваслаўнага «сьвяцейшага» Сыноду папалі самыя ніжэйшыя вясковыя народныя школы, вядомыя пад назваю школак граматы. Пад націскам Сыноду і епархіяльных епіскапаў парафіяльныя сьвяшчэньнікі адчынілі на Беларусі шмат такіх школак. Школы граматы ўтрымваліся на сялянскія сродкі. Настаўнікі іх былі зусім нізкай кваліфікацыі. Кармілі іх сяляне па чарзе і зьбіралі ў канцы зімы ці продуктаў, ці грошай на некалькі рублёў. Настаўнікі школак на Беларусі вядомы пад назваю дарэктараў. Толькі ў канцы ХІХ і пачатку XX сталецьця